У РФ сістэма распазнавання твараў прыняла рок-музыканта за ўкраінскага журналіста Гордана
6- 15.04.2026, 15:45
- 6,840
Адзін з паліцэйскіх «нават памацаў шчэціну і валасы на прадмет канспірацыі».
Расійскія паліцэйскія на Маскоўскім вакзале ў Пецярбургу спынілі рок-музыканта, лідара гурта «Свабода важней за моду» Дзмітрыя Галямінскіх, якога сістэма распазнавання твараў прыняла за ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гордана, піша «Медуза».
«Прыкол! Іду зараз у Піцеры па Маскоўскім вакзале, адчуваю, за мной нехта бяжыць. Ну, думаю, пазналі, аўтограф ці фотку хочуць. Разварочваюся. Падыбягаюць да мяне паліцэйскія і імкліва затрымліваюць. Сістэма распазнавання твараў пазнала ўва мне журналіста-тэрарыста… Дзмітрыя Гордана», — напісаў Галямінскіх у сваім тэлеграм-канале.
Па словах музыканта, адзін з паліцэйскіх «нават памацаў шчэціну і валасы на прадмет канспірацыі». У выніку яго адпусцілі, і ён паспеў на цягнік.
У прэс-службе ўпраўлення на транспарце МУС Расіі па Паўночна-Заходнім федэральным акрузе выданню «Пад'ём» сказалі, што гэта першы выпадак некарэктнай працы сістэмы. «Ніколі не здаралася. Нічога страшнага не адбылося. Проста чалавека праверылі і адпусцілі з богам. Проста вельмі падобны музыкант», — заявіла кіраўніца прэс-службы Алена Шэліхава.