«Упаў на вачах першакласнікаў, палёты прыпыненыя»
- 15.04.2026, 15:37
- 2,512
Новыя падрабязнасці падзення матадэльтаплана пад Мінскам.
Учора ўдзень, 14 красавіка, побач з музеем у Строчыцах разбіўся матадэльтаплан. У выніку крушэння загінулі пілот Руслан Іваноў і яго 26‑гадовая пасажырка. Сведкамі трагедыі сталі першакласнікі адной з мінскіх школ, якія прыехалі ў той дзень у музей этнаграфіі на экскурсію. Пра гэта журналісту onliner.by распавёў бацька аднаго з вучняў.
— Учора маё дзіця было на экскурсіі ў этнаграфічным музеі ў Строчыцах. Як я зразумеў, туды павезлі ахвочых з усёй паралелі. Калі мы ішлі з дзіцем дадому, яно пачало расказваць, што падчас экскурсіі бачыла, як узлятаў, а потым падаў дэльтаплан, як пасля прыехалі хуткія. Спачатку я падумаў, што дзіця проста пераказвае нейкі сюжэт з гульні, але ўвечары, пачытаўшы навіны, зразумеў, што дзеці ўсё бачылі насамрэч.
Настаўніца, якая суправаджала дзяцей падчас экскурсіі, удакладніла, што ў паездцы былі не толькі першакласнікі, але і вучні другіх класаў.
— Мы стаялі каля вясковай школы, калі ўзляцеў матадэльтаплан. Дзеці, натуральна, пачалі сачыць за палётам. Літаральна праз секунд дваццаць ён стаў рэзка зніжацца. Было зразумела, што ён падае. Мы знаходзіліся даволі далёка ад таго месца, таму толькі чулі гук удару апарата аб зямлю. Мы пабылі на экскурсіі яшчэ хвілін дваццаць і з'ехалі. Бачылі толькі, як да таго месца імчаліся хуткія і выратавальнікі. Жудасна, вядома, усведамляць, што ты стаў сведкам такой трагедыі…
Аэраклуб «Авія-Менск» размешчаны ў аграгарадку Азярцо на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту. Яго ўзлётна-пасадачная паласа знаходзіцца крыху ўбаку ад экскурсійных маршрутаў.
— Учора ў нас было 13 экскурсійных груп, — распавялі ў музеі. — У групах звычайна бывае ад 12 да 25 дзяцей. Учора я не працавала, але дакладна ведаю, што экскурсійныя маршруты не праходзілі блізка да месца падзення — ля млына.
— Мы не змаглі датэлефанавацца да заснавальніка аэраклуба Дзмітрыя Маткоўскага — абодва яго нумары недаступныя з самай раніцы. Не падкажаце, што цяпер з палётамі? — спыталі карэспандэнты.
— Усё, што нам вядома, — гэта тое, што палёты прыпыненыя на нявызначаны тэрмін.
Матадэльтаплан разбіўся каля 15 гадзін у канцы ўзлётна-пасадачнай паласы, непадалёк ад млына. У выніку падзення загінулі пілот Руслан Іваноў і яго 26‑гадовая пасажырка.