Украіна атрымае найбуйнейшую ў гісторыі партыю брытанскіх баявых беспілотнікаў
- 15.04.2026, 14:21
- 1,752
Пастаўка ўжо пачалася.
Вялікабрытанія перадасць Украіне 120 тыс. беспілотнікаў, што з'яўляецца найбуйнейшай у гісторыі пастаўкай такога кшталту.
Як паведамляе BBC, пра маштабную пастаўку ўзбраення ўкраінскай арміі абвясціў брытанскі міністр абароны Джон Хілі.
Пакет будзе ўключаць:
ударныя беспілотнікі дальняга дзеяння;
разведвальныя беспілотнікі;
беспілотнікі для лагістычнай падтрымкі;
беспілотнікі з магчымасцямі прымянення на моры.
Адзначаецца, што многія з гэтых дронаў будуць выпушчаныя брытанскімі кампаніямі.
Пастаўка «перадавых баявых тэхналогій» ужо пачалася, паведаміла Міністэрства абароны.
Каментуючы гэта падзею, Хілі адзначыў, што «ў апошнія тыдні, калі ўвага скіраваная на Блізкі Усход, Пуцін хоча, каб мы адцягнуліся»:
«Украінцы працягваюць змагацца з вялізнай мужнасцю, і нічога не адцягне нас ад таго, каб працягваць падтрымліваць іх столькі, колькі спатрэбіцца для дасягнення міру».
Фінансавая дапамога ад Вялікабрытаніі
Чакаецца таксама, што міністр фінансаў Вялікабрытаніі Рэйчэл Рыўз абвесціць аб мерах падтрымкі Украіны на будучай сустрэчы міністраў фінансаў у Вашынгтоне.
Гэта будзе ўключаць выплату Кіеву 752 млн фунтаў стэрлінгаў ($970 млн) у межах большай пазыкі ў памеры 3,36 млрд фунтаў стэрлінгаў ($4,4 млрд).
«Гэта фінансаванне дапаможа забяспечыць Украіну ваеннай тэхнікай, неабходнай для абароны ад Расіі», — пракаментавала Рыўз.
Рэклама
Сітуацыя з перамовамі па Украіне
Аб'ява пра пастаўку брытанскіх беспілотнікаў прагучала пасля заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб тым, што ў амерыканскіх перамоўшчыкаў па мірным пагадненні «няма часу на Украіну» з-за вайны з Іранам.
Раней адбылося некалькі раўндаў перамоваў з удзелам ЗША ў якасці пасярэдніка, але працэс быў прыпынены пасля таго, як Дональд Трамп пераключыў увагу на Блізкі Усход.