Чым можа скончыцца скок Лукашэнкі шчупаком
13- 15.04.2026, 13:30
- 6,882
Дыктатар узяўся за рыбу, а былі ж ужо авечкі, каровы і не толькі.
Дыктатар узяўся за рыбу, а былі ж ужо авечкі, каровы і не толькі.
Лукашэнка працягнуў традыцыю інспектаваць сельгаспрадпрыемствы і заглянуў у рыбгас «Палуж». І адразу пасля візіту запатрабаваў «тыражаваць досвед», каб «напаўняць рынак рыбай». І абавязкова, каб цэны — меншыя, а беларускага — больш.
«Для разумных людзей тут праблем няма, — заявіў ён. — Трэба запісаць, каб Шулейка (намеснік прэм’ер-міністра па сельскай гаспадарцы — прым.) і Ісачэнка (старшыня Магілёўскага аблвыканкама — прым.) зрабілі дзесяць такіх комплексаў».
Няўжо да яго ніхто да падобнага рашэння не дадумаўся, піша «Салідарнасць».
Колькі ўсяго рыбагаспадарак у Беларусі
У нашай краіне 16 найбуйнейшых рыбгасаў вырошчваюць 80% усяго аб’ёму рыбы. Назвы, напэўна, знаёмыя большасці беларусаў: «Волма», «Селец», «Альба», «Трамля», «Дняпрабугскі», «Чырвоная Слабада». Плюс невялікія прыватныя гаспадаркі. Іхняя прадукцыя — у асноўным сазан, карп, сом, белы амур, лешч, шчупак, таўсталобік, значна менш — фарэль і асетраныя.
Па выніках 2025 года, паводле Мінсельгасхарча, рыбная вытворчасць дасягнула 14,4 тысячы тон. Імпарт рыбы і морапрадуктаў у нашу краіну перавышае гэтыя лічбы на парадак. То-бок, патэнцыял для росту вытворчасці сапраўды ёсць: беларусам патрэбна больш рыбы, чым цяпер вырошчваюць у краіне.
А што да экспарту, то Беларусь зарабляе не столькі на ўласнай рыбе, колькі на перапрацоўцы і рээкспарце імпартнай сыравіны ў Расію: за мінулы год наша краіна стала галоўным пастаўшчыком рыбы і морапрадуктаў — крабавых палачак з сурымі, ікры мойвы, прэсерваў з селядца, скумбрыі, ракападобных — у РФ (прадалі 112 тысяч тон).
Чаму рыбгас «Палуж»
Прадпрыемства вельмі маладыя — паводле СМІ, комплексы па вырошчванні вясёлкавай фарэлі ў Краснапольскім (ля вёскі Палуж 1), Хоцімскім і Чэрыкаўскім раёнах былі ўведзены ў эксплуатацыю толькі напрыканцы 2025 года.
Згодна з агучанымі планамі, да 2028 года па прынцыпе замкнёнага цыкла тут разлічваюць атрымліваць да 2 тысяч тон прэміяльнай чырвонай рыбы на год, а яшчэ 15 мільёнаў аплодненых ікрынак фарэлі — значыць, будзе «цалкам закрытая патрэба ўнутранага рынку і застанецца патэнцыял для паставак за мяжу».
Звяртаем увагу — усё гэта пакуль у будучыні, то-бок заяўленых вынікаў няма, ёсць толькі папярэднія разлікі. І меркаваная цана ў 25–27 рублёў за кіло беларускай фарэлі — гэта не дакладна. Паколькі ні камерцыйнай вытворчасці фарэлі, ні гэтай цаны ў прыродзе пакуль яшчэ няма.
А павышаная ўвага кіраўніка менавіта да рыбгаса «Палуж» недзіўная.
Па-першае, гэта «дачка» дзяржаўнага прадпрыемства і найбуйнейшай у Беларусі фарэльнай гаспадаркі «Лохва», ад якой Лукашэнка не раз патрабаваў пашырацца.
Па-другое, прадпрыемства ўваходзіць у праграму «Адзін раён — адзін праект», якую зноў жа прасоўвае Лукашэнка.
Ёсць яшчэ і па-трэцяе. У перспектыве, паабяцалі кіраўніку, кармы для вырошчванай рыбы таксама будуць айчыннымі — іх нібыта распрацоўвае БНБК, якая таксама ў Лукашэнкі на асаблівым рахунку.
І, вядома, трэба было прадэманстраваць, што 150 мільёнаў рублёў інвестыцый не патрачаныя дарэмна. Суправадзіўшы прэзентацыю заявамі пра ўнікальнасць, перспектыўнасць, адраджэнне рэгіёна і імпартазамяшчэнне.
Што было, што будзе і чым сэрца супакоіцца
Нарошчваць патэнцыял і паскорана развіваць рыбную галіну Лукашэнка патрабуе не першы год.
У 2019 годзе, аглядаючы гаспадарлівым вокам фарэльную гаспадарку «Лохва» пад Касцюковічамі, ён заявіў, што трэба «як мінімум падвоіць» вытворчасць рыбы. Дзеля харчовай бяспекі і імпартазамяшчэння.
А да 2030 года, паводле плана ўладаў (праграма «АПК будучыні», падпраграма «Развіццё аквакультуры і рыбалоўнай гаспадаркі»), аб’ём вытворчасці адных толькі каштоўных рыб у краіне павінен складаць 3 тысячы тон штогод, пры тым, што ў 2025-м было ўсяго 600 тон.
Хоць вырасціць рыбу — працэс, увогуле, доўгатэрміновы, а з каштоўнымі пародамі, той жа фарэллю, яшчэ больш складаны. І проста ўзяць ды пабудаваць 10 аднолькавых рыбных комплексаў — мала: патрэбныя якасныя кармы, тэхналогіі, спецыялісты.
Плюс аналіз рынку і разлікі: ці мае сэнс вырошчваць у экспартных колькасцях беларускага асетра, ці, у параўнанні з тым жа Кітаем, беларуская рыбка будзе «залатой» па выдатках і нявыгаднай у вытворчасці?
А да чаго прыводзяць загады кіраўніка з месца ў кар’ер узяць ды маштабаваць, хай сабе і ўдалы, досвед па ўсёй краіне, каб скарыстаць момант і прадаваць на экспарт — мы бачылі не раз. Вось толькі некалькі прыкладаў з сельскай гаспадаркі, дзе галоўны аграном усёй Беларусі лічыць сябе першым знаўцам:
Ідэя з развядзеннем авечак. Лукашэнка патрабаваў нарасціць пагалоўе да 100 тысяч галоў, наладзіць вытворчасць мяса і воўны. Да 2015 года паказчыкі былі выкананыя, але не было ўстойлівага попыту, зразумелых цэн і каналаў збыту — і ўжо праз тры гады авечкагадоўля пайшла на спад;
Абяцанні «прывучыць» беларусаў да «нармальнага мяса». А менавіта — да мармуровай ялавічыны;
«Выратаванне» жывёлагадоўлі, вынікам якога стаў маштабны падзеж свіней і буйной рагатай жывёлы. У змаганні за дабрабыт буронак Лукашэнка патрабаваў не толькі мадэрнізаваць малочна-таварныя фермы, але і будаваць «палацы для кароў» і «прафілакторыі для цялят» — а праблема ўсё ніяк не вырашаецца;
Барацьба за ўласныя яблыкі. Развіццём садоўніцтва і адмовай ад імпартных, у прыватнасці, польскіх яблыкаў кіраўнік заклапочаны больш за 20 гадоў. Адна з яго ідэй — замацаваць яблыневыя сады за ўніверсітэтамі і школамі. А воз — імпарт — і цяпер едзе ў Беларусь;
Эпапея з «захаваннем калгасаў» і будаўніцтвам аграгарадкоў. Мільёны з бюджэту былі літаральна закопаныя ў зямлю. Але ні скарачэнне сельскага насельніцтва, ні выміранне вёсак і бесперспектыўнасць стратных гаспадарак — нічога не прымушае рэжым Лукашэнкі прызнаць свае глабальныя пралікі.
У мінулым, 2025 годзе, патрабаванні «нарасціць» гучалі адносна коз — шчыра спадзяёмся, што руплівыя выканаўцы не загубяць і гэтую галіну.
А таксама з нецярпеннем і трывогай чакаем візіту кіраўніка на страусіную ферму, у гаспадаркі па развядзенні слімакоў, трусоў і індакачак — і новых «прарыўных» ідэй з вялікім экспартным патэнцыялам.