Кадыраў стаў кавалерам яшчэ аднаго дзіўнага ордэна
- 15.04.2026, 9:11
- 1,758
За «асаблівы ўклад» у развіццё цэментнай прамысловасці РФ.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў стаў кавалерам ордэна «За асаблівы ўклад у развіццё цэментнай прамысловасці РФ» I ступені. Пра гэта паведамілі расійскія СМІ, піша Дыялог.UA.
Узнагароду Кадыраву за «ўклад» у мадэрнізацыю завода «Чачэнцэмент» уручыла выканаўчы дырэктар Саюза вытворцаў цэменту РФ Дар'я Мартынкіна.
Кіраўнік Чачні заявіў, што працягне прыкладаць усе намаганні для мадэрнізацыі цэментнай прамысловасці. Згаданы ордэн з'яўляецца галіновай узнагародай. Ім узнагароджваюць кіраўнікоў і спецыялістаў галіны.
Каб атрымаць ордэн I ступені ў цэментнай прамысловасці, трэба прапрацаваць не менш за 15 гадоў. На дадзены момант у калекцыі ўзнагарод Рамзана Кадырава некалькі дзесяткаў дзяржаўных, ведамасных і галіновых узнагарод РФ.
Акрамя таго, ён уладальнік вялікай колькасці замежных узнагарод. Толькі за апошнія чатыры гады, то бок з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Кадыраў атрымаў як мінімум 39 узнагарод.
Напрыклад, зусім нядаўна, 7 красавіка 2026 года, Кадырава ўзнагародзілі медалём «За ўклад у развіццё навукі» ад Акадэміі навук Чачні. Да яго гэтай узнагародай яшчэ нікога не ўзнагароджвалі.
Сярод самых цікавых узнагарод Рамзана Кадырава варта адзначыць ордэн «За заслугі перад стаматалогіяй» I ступені, які ён атрымаў у 2022 годзе, а таксама ордэн «Група войскаў у Германіі», уручаны ў 2025 годзе.