СМІ: Расійскіх генералаў «шторміць» гучнымі кадравымі чысткамі
1- 15.04.2026, 8:16
- 4,114
Пасля адстаўкі Шайгу пачаліся маштабныя расследаванні ў дачыненні да ваеннага кіраўніцтва.
У Міністэрстве абароны Расіі разгортваецца маштабная хваля расследаванняў, звальненняў і гучных крымінальных спраў, якая цягнецца з вясны 2024 года і ўжо закранула вышэйшае ваеннае кіраўніцтва, піша («Радыё Свабода» https://www.rferl.org/a/russia-defense-ministry-corruption-investigations-shoigu-putin/33732103.html).
Паводле даных следства, супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі разам з пракурорамі і МУС расследуюць карупцыю, махлярства і крадзяжы сярод намеснікаў міністра абароны, генералаў і чыноўнікаў.
Адным з найбольш рэзанансных спраў стаў прысуд намесніку міністра абароны Паўлу Папову – 19 гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва і крадзяжы.
Пасля адстаўкі Шайгу — хваля арыштаў
Многія фігуранты спраў звязаныя з былым міністрам абароны Сяргеем Шайгу, якога Уладзімір Пуцін звольніў у маі 2024 года ў межах кадравых перастановак. Замест яго абароннае ведамства ўзначаліў эканаміст Андрэй Белаўсаў.
Пасля адстаўкі Шайгу пад удар трапілі ягоныя паплечнікі, а таксама чыноўнікі, звязаныя з буйнымі абароннымі падрадчыкамі, у прыватнасці з кампаніяй «Бамстройпуть», якая працавала над праектамі Мінабароны.
Вайна і ўнутраная барацьба
Эксперты звязваюць хвалю чыстак адразу з некалькімі фактарамі. Сярод іх — праблемы расійскай арміі ў вайне супраць Украіны, састарэлая ваенная сістэма і маштабная карупцыя.
Акрамя таго, ідзе гаворка пра барацьбу ўплываў унутры расійскіх эліт. Паводле слоў аналітыкаў, спецслужбы маглі выкарыстаць сітуацыю, каб перакласці адказнасць за правалы на ваеннае кіраўніцтва.
Крытыка ў адрас Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава гучала і раней, у прыватнасці з боку заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, які пасля няўдалага мяцяжу ў 2023 годзе загінуў у авіякатастрофе.
Аналітыкі лічаць, што Крэмль можа выкарыстоўваць гэтыя справы як дэманстрацыю барацьбы з карупцыяй на фоне росту ваенных выдаткаў.
Прызначэнне Белаўсава, які мае эканамічны бэкграўнд, разглядаецца як спроба ўзмацніць кантроль за выдаткамі абароннага сектара і зрабіць іх больш эфектыўнымі.
«Крэмль, падаецца, адчувальна ставіцца да таго факту, што ваенныя выдаткі спажываюць так шмат рэсурсаў. Адсюль і рашэнне ўладкаваць публічнае відовішча з арыштамі ў межах барацьбы з карупцыяй і прызначыць Белаўсава, тэхнакрата з эканамічнымі поглядамі, на пасаду з паўнамоцтвамі забяспечваць эфектыўныя выдаткі на абарону», – адзначыў Джон Гарды, намеснік дырэктара Праграмы па Расіі ў Фондзе абароны дэмакратыі, вашынгтонскім аналітычным цэнтры.