«Кабінет следчага КДБ азарае асляпляльнае святло штучных зубоў Саладухі»
2- 15.04.2026, 8:09
- 7,014
Як спявак-лукашысц хадзіў скардзіцца ў КДБ на беларусаў.
Экс-палітвязень Ігар Лосік расказаў у сваім (тэлеграм-канале https://t.me/igorlosik/476) гісторыю пра тое, як спявак-лукашысц Аляксандр Саладуха хадзіў у КДБ скардзіцца на «народную любоў» беларусаў:
— Цяпер раскажу вам, як Аляксандр Саладуха хадзіў у КДБ скардзіцца на тэлефонных троляў. Гісторыя — са слоў былога кэгэбіста, які цяпер сам сядзіць за палітыку. Адзін ужо гэты сюжэт варты экранізацыі.
Мінск, 2020 год. Кабінет следчага КДБ.
Дзверы павольна адчыняюцца. Кабінет азарае асляпляльнае святло. Гэта беласнежная ўсмешка штучных зубоў Сашы Саладухі.
На парозе — сам артыст, у суправаджэнні двух сыноў, нібы група падтрымкі і адначасова група сведкаў.
З парога — лёгкі паклон і без найменшай паўзы:
— Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Саладуха! А вось, дарэчы, мой дыск з аўтографам.
Следчы на секунду губляе сувязь з рэальнасцю, потым асцярожна пытаецца пра прычыну візіту.
Саладуха, драматычна ўздыхнуўшы, пачынае скардзіцца:
— Гэтыя змагары проста абрываюць мне тэлефон! Абражаюць, ганьбяць, жыць і працаваць зусім немагчыма!
І тут нібы па замове — званок.
Саладуха ўздымае палец:
— Вось! Глядзіце! Зараз самі ўсё ўбачыце! Уключаю на гучную сувязь!
З трубкі чуваць мужчынскі голас, мяккі, амаль дрыжыць ад хвалявання:
— Аляксандр Антонавіч?
— Так, слухаю вас.
— Божа мой, як я рады, што дазваніўся… Вы не ўяўляеце, як я вас абажаю. Я ведаю на памяць усе вашыя альбомы. Мы з мамай былі на дзясятках вашых канцэртаў. Вы дзівосны артыст. Мама вас таксама вельмі любіць…
Твар Саладухі пачынае павольна квітнець, як майскі бэз пасля дажджу.
Ён пераможна глядзіць на следчага, распраўляе плечы, усмешка становіцца яшчэ бялейшая.
На гэтым фоне сыны ўжо пачынаюць падазрона хіхікаць.
Голас у трубцы працягвае, шчодра льючы елей:
— Божа, як я шчаслівы, што дазваніўся… Мне так шмат трэба вам сказаць… Але найгалоўнае, каб вы ведалі…
Паўза.
І потым, як стрэл у цішыні кабінета:
— Гары ў пекле, гніда.
Саладуха — у паўабморку.
Сыны катаюцца пад сталом.
Следчы КДБ, верагодна, упершыню за службу не ведаў, прымаць заяву ці выклікаць лекараў.