План маштабнай вытворчасці расійскіх самалётаў скарацілі і адклалі да 2035 года
- 15.04.2026, 4:00
Грошай у Крамля няма.
Маштабная праграма адраджэння авіяпрамысловасці, ад якой Крэмль чакаў сотні айчынных лайнераў на замену заходнім, зноў адкладаецца.
Абноўлены план для «Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыі» прадугледжвае выпуск каля 570 машын для расійскіх авіякампаній да 2035 года. Як паведамляе «Інтэрфакс», пра гэта на пасяджэнні камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы заявіў дырэктар па кіраванні праграмамі грамадзянскай авіяцыі ААК Алег Багамолаў.
Паводле яго слоў, першая партыя будзе ўключаць 70 самалётаў: 18 МС-21, 42 «Суперджэта», 11 машын Ту-214, тры Іл-114-300. А другая партыя — каля 500 машын. Сярод іх 90 МС-21 для «Аэрафлота», 100 мадэрнізаваных Ту-214 для S7, 20 машын Іл-114-300 для дальнеўсходняй «Аўроры» і каля сотні імпартазамяшчальных «Суперджэтаў».
Першапачатковая праграма развіцця грамадзянскай авіяцыі, прынятая ў 2022 годзе, патрабавала, каб ужо да 2030 года ў краіне з’явілася больш за 1000 айчынных самалётаў, з іх 609 вытворчасці ААК.
Мяркавалася, што да пачатку бягучага года авіякампаніі ўжо атрымаюць 42 «Суперджэта», 18 МС-21, 10 Іл-114-300, 20 самалётаў Ту-214, а таксама тры машыны Іл-96-300. Да 2028 года, згодна з праграмай, аб’ёмы выпуску грамадзянскіх лайнераў павінны дасягнуць 200 адзінак у год, чаго не было нават у эпоху росквіту авіяпрама СССР.
У рэчаіснасці за 2022–25 гг. флот грамадзянскай авіяцыі папоўніўся толькі на 13 новых бортаў — 12 «Суперджэтаў» і адзін Ту-214. Прычым апошні не выкарыстоўваецца для пасажырскіх перавозак: на ім лятае віцэ-прэм’ер РФ Дзяніс Мантураў, паведаміла Reuters крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Рэалізацыя абноўленай праграмы паставак грамадзянскіх лайнераў запатрабуе фінансавання ў 3 трлн рублёў, паведаміў намеснік кіраўніка Мінпрамторга Генадзь Абраменкаў. Паводле яго слоў, перагледжаны варыянт плана ўнесены на разгляд ураду.
Чакаецца, што грошы на яе выдзеліць Фонд нацыянальнага дабрабыту, ліквідныя актывы якога, праўда, складаюць усяго 4,1 трлн рублёў. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць прамога фінансавання з федэральнага бюджэту, казаў раней Мантураў.