Зніклага па дарозе ў школу падлетка знайшлі мёртвым у Гродне
5- 12.04.2026, 19:43
- 8,462
Пошукі працягваліся тры дні.
У Гродне выявілі цела 16-гадовага падлетка Ягора Панкратава, які апошнія тры дні лічыўся зніклым. Пра гэта паведамілі ўвечары нядзелі, 12 красавіка, у УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Пра вышук Ягора абвясцілі ўвечары чацвярга, 9 красавіка. У той дзень а 13:15 ён выйшаў з дома на вуліцы Вялікая Альшанка ў школу, але так і не дайшоў. Сувязі з ім не было: падлетак меў пры сабе мабільны тэлефон, але без SIM-карты.

Увечары ў суботу хлопчык яшчэ лічыўся зніклым, міліцыя паўтарала паведамленне пра яго вышук.
У нядзелю міліцыянеры выявілі цела падлетка ў лясным масіве.
«Крымінальная прычына смерці не разглядаецца», — гаворыцца ў паведамленні міліцыі разам са спачуваннямі блізкім «памерлага».
Ці ідзе гаворка пра самагубства або смерць ад нейкіх ненасільніцкіх прычын, ведамства не ўдакладніла.