Рэкордны ўраджай абваліў цэны на бульбу ў Польшчы
5- 12.04.2026, 19:32
- 3,020
Фермеры вымушаныя тэрмінова распрадаваць ураджай ніжэй сабекошту.
На польскіх складах ляжыць у два разы больш бульбы, чым год таму. Ураджай перавысіў 7 млн тон, і пры гэтым імпарт не спыніўся. У выніку цэны рэзка ўпалі — з 80 грошаў за кілаграм да 20 грошаў (у пераліку на беларускія гэта — з 63 да 16 капеек), піша Onet.
На думку фермераў, прычынай гэтай сітуацыі, акрамя нечаканага ўраджаю, з'яўляецца таксама канкурэнцыя замежных вытворцаў, бо праблема закранае не толькі Польшчу. Паводле ацэнак, лішак бульбы ў ЕС цяпер перавышае 3,3 млн тон. Адначасова падзенне экспарту і насычэнне рынку прывялі да зніжэння цэн.
На сітуацыю ў Польшчы ўплывае таксама Германія, дзе лішак бульбы таксама значны.
Вытворцы бульбы кажуць, што праблему пагаршае абмежаваная інфраструктура складоў. Адсутнасць магчымасці доўгатэрміновага захоўвання прымушае хутка распрадаваць лішкі, часта па цэнах ніжэй сабекошту вытворчасці.
Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы цяпер шукае варыянты, як дапамагчы фермерам, дзе яшчэ можна выкарыстаць бульбу, а пакупнікоў заклікаюць купляць сваё. У крамах нават увялі новыя катэгорыі бульбы, каб прадаваць драбнейшую.