У Гомелі забаранілі ездзіць на электрасамакатах уначы
5- 12.04.2026, 17:28
- 1,398
Хуткасць руху па горадзе абмежавалі да 10 км/г.
У Гомелі з 10 красавіка забаранілі кіроўцам сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ) ездзіць уначы. Акрамя таго, на электрасамакаце нельга будзе пракаціцца ў некаторых лакацыях абласнога цэнтра і ўдзень. Падрабязнасці паведаміў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў у сваім Telegram-канале.
Прывалаў растлумачыў, што разганяцца на электрасамакаце можна да 10 км/г. Выключэнне — веладарожкі і праезная частка. А пры пад'ездзе да пешаходных пераходаў максімальная хуткасць павінна быць 7 км/г.
Вось месцы ў Гомелі, дзе забаронены рух на электрасамакатах:
— набярэжная ракі Сож,
— тэрыторыя палацава-паркавага ансамбля,
— скверы (імя Янкі Купалы, Ракасоўскага, Грамыкі і іншыя),
— алеі,
— парк «Фестывальны» і іншыя аналагічныя месцы.
У мабільным прыкладанні кікшэрынгу размясцілі мапу ўсіх забароненых зон у гэтым абласным цэнтры.
У любым месцы горада нельга ездзіць на электрасамакатах з 00:00 да 05:00, то бок у начны час. А для непаўналетніх маладзей за 14 гадоў — поўная забарона.
Акрамя таго, забаронена перасоўвацца на СПМ у п'яным выглядзе, ездзіць удвух або ўтраіх на адным самакатзе, перашкаджаць іншым удзельнікам дарожнага руху.
Старшыня Гомельскага гарвыканкама нагадаў пра неабходнасць спешвацца з СПМ на пешаходных пераходах. Гэта правіла не дзейнічае толькі ў спецыяльна абазначаных зонах.