На волю выйшаў спартыўны журналіст Дзмітрый Сельвеструк
- 10.04.2026, 19:06
- 1,008
У зняволенні ён правёў амаль тры гады.
Дзмітрыя Сельвеструка затрымалі 10 траўня 2023 года. Яго прысудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Як стала вядома праваабаронцам, 7 сакавіка 2026 года мужчына выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну.
Нядаўна Сельвеструк звярнуўся да падпісчыкаў свайго футбольнага тэлеграм-канала «Сярэбраны век»:
«Мне пакуль што вельмі цяжка прыйсці ў сябе. Але я працую над гэтым. Па меры магчымасці сачыў за нашым футболам. У смутку, калі шчыра. Хаця пазітыву хапае».
Дзмітрыю 36 гадоў, ён былы супрацоўнік «Народнай газеты», дзе пісаў на сацыяльныя тэмы і пра ІТ‑індустрыю. Але ўжо шмат гадоў Сельвеструк звязаны са спортам: ён супрацоўнічаў з выданнем Football.by і вядзе ўласны тэлеграм‑канал «Сярэбраны век. Футбол Беларусі».