10 красавiка 2026, Пятніца, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расіяне ўчынілі правакацыі каля мемарыяла ахвяр Смаленскай катастрофы

7
Расіяне ўчынілі правакацыі каля мемарыяла ахвяр Смаленскай катастрофы

Польскую дэлегацыю сустрэлі агрэсіўныя групы з прапагандысцкімі лозунгамі.

У расійскім Смаленску ўчынілі правакацыі супраць палякаў, якія прыйшлі ўшанаваць памяць загінулых у Смаленскай авіякатастрофе ў 16-ю гадавіну падзей.

Як паведамляе RMF24, пра гэта распавёў пасол Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі.

Паводле слоў пасла, каля мемарыяла падчас прыходу польскай дэлегацыі іх сустрэлі пэўныя асобы, паводзіны якіх былі правакацыйнымі.

«Гэта былі недружалюбныя групы, якія дарэмна спрабавалі каго-небудзь справакаваць і выкарыстоўвалі прапагандысцкія лозунгі, што тычацца нашай дапамогі Украіне», — сказаў дыпламат, дадаўшы, што гэта не выглядала як спантанная акцыя.

Сярод іншага, былі плакаты з абвінавачаннямі, што Польшча нібыта прадастаўляе сваю паветраную прастору для ўкраінскіх далёкасяжных удараў па тэрыторыі РФ — гэты наратыў расійская прапаганда запусціла пасля актывізацыі удараў па портах вакол Санкт-Пецярбурга.

Паводле слоў пасла, сярод дэманстрантаў пераважалі маладыя людзі ў балаклавах. Палякі, якія прыйшлі да мемарыяла, іх праігнаравалі.

Таксама польскі пасол заявіў, што Расія ігнаруе запыты Польшчы наконт абломкаў прэзідэнцкага самалёта, які разбіўся пад Смаленскам.

Як вядома, 10 красавіка 2010 года самалёт Ту-154М пацярпеў катастрофу ў аэрапорце «Паўночны» пад Смаленскам, у выніку чаго загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі і ягоная жонка Марыя, вышэйшае ваеннае камандаванне і апошні прэзідэнт Рэспублікі Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках