10 красавiка 2026, Пятніца, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Белавежскай пушчы задумалі правесці начны рэйв

3
У Белавежскай пушчы задумалі правесці начны рэйв

Эколагі б'юць трывогу.

На 18 красавіка ў «Сядзібе беларускага Дзеда Мароза», што ў Белавежскай пушчы, анансавалі музычны фестываль «Тэхна-рэйв» з удзелам выканаўцаў Police In Paris, CAVEX, ANK і CORT333, піша «Белсат». Пачатак вечарыны запланаваны на 21:00, заканчэнне — на 2:00. Квіткі — па 63 рублі.

Адміністрацыя Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» запэўнівае, што пры арганізацыі фестывалю былі ўлічаныя ўсе нормы прыроднаахоўнага заканадаўства. Фестываль адбудзецца больш чым за кіламетр ад прыродаахоўнай зоны, гук будзе накіраваны ў цэнтр пляцоўкі, наведвальнікаў будзе не больш за 700.

У дзяржаўных СМІ выказвалі нават такі аргумент: у Камянецкім раёне і ў самой пушчы і так шмат аграсядзіб, дзе рэгулярна ладзяць гучныя святы, шум ад якіх супастаўны з рэйвам. Ствярджаюць, што нібыта чырванакніжныя кажаны ў такіх умовах нават лепш размнажаюцца.

Гэта не пераконвае тых, хто непакоіцца пра прыроду. Паведамленні пра фестываль збіраюць мноства каментароў з абурэннем. Міністэрства лясной гаспадаркі нават паведаміла, што пісаць трэба не яму, бо Нацыянальны парк «Белавежская пушча» падпарадкоўваецца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а не ведамству.

«Дзікая прырода» тлумачыць: сярэдзіна красавіка — сезон гнездавання, а гучная музыка і шум натоўпу — гэта стрэс для птушак і звяроў. Ад басоў рэйву птушкі могуць пакінуць гнёзды, звяры — свой неакрэплы маладняк.

«Вечарынкі на прыродзе — гэта добра, але не ў сезон гнездавання і не ў лясах. Прырода мае права на цішыню, асабліва вясной», — піша «Дзікая прырода».

Эколагі падкрэсліваюць: нават калі фармальна вечарына адбудзецца на паляне, шум разносіцца далёка за яе межы.

Тым часам у Беларусі працягваюцца праблемы з арганізацыяй фестываляў без падтрымкі ўладаў з-за леташняй пастановы Савета Міністраў «Аб рэестры арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў». Паводле Беларускага Савета культуры, складанасці чакаюць не толькі пачаткоўцаў, але і тых, хто раней, нібыта, не меў праблем з арганізацыяй фестываляў. Гэты працэс у Савеце называюць «уяўным упарадкаваннем»: замест правілаў і сістэмы ў галіне культуры стварылі «заблытаную павуціну, лабірынт, дзе чалавека літаральна на кожным кроку можа чакаць непрыемны сюрпрыз у выглядзе адмены дазволу, адмены канцэрта ў лепшым выпадку і турэмнага зняволення — у горшым».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках