МАРТ выявіў парушэнні ў дзеяннях «Беларусбанка»
4- 10.04.2026, 15:57
- 1,800
Якія менавіта?
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРТ) 10 красавіка паведаміла, што выявіла парушэнні ў дзейнасці аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных банкаў краіны — «Беларусбанка». Ведамства запатрабавала ад кампаніі «празрыстых і справядлівых» умоў для кліентаў.
Парушэнні ў дзеяннях «Беларусбанка» выявілі падчас праверкі выканання антыманапольнага і цэнавага заканадаўства. Кантралёры з МАРТ прыйшлі да высновы, што фінансавая ўстанова скарысталася сваім дамінуючым становішчам на рынку паслуг эквайрынгу з выкарыстаннем банкаўскіх картак.
Эквайрынг — гэта банкаўская паслуга, якая дазваляе бізнесу прымаць безнаяўную аплату за тавары або паслугі з дапамогай пластыкавых картак або бяс кантактных прыладаў (смартфонаў). У працэсе эквайрынгу карткі счытваюцца праз тэрміналы, банк іх правярае і пры наяўнасці сродкаў на рахунку імгненна пералічвае патрэбную суму на рахунак прадаўца.
Падчас праверкі МАРТ не задаволіла тое, што «Беларусбанк» у сваю публічную аферту ўключыў умовы, якія супярэчаць антыманапольнаму заканадаўству, а менавіта:
— права ў аднабаковым парадку адмаўляць у заключэнні дагавора;
— права прыпыняць правядзенне аперацый;
— магчымасць па ўласным меркаванні вызначаць памер узнагароджання, пры гэтым сам памер такой узнагароды банк адносіў да камерцыйнай таямніцы.
МАРТ запатрабаваў ад банка ліквідаваць гэтыя парушэнні і прыняць пэўныя меры, каб у будучыні такіх парушэнняў не паўтарылася. У ведамстве асобна падкрэслілі, што дамінуючае становішча, якое «Беларусбанк» займае на рынку Рэспублікі, ускладае на кампанію асаблівую адказнасць, і запатрабавалі працаваць на «празрыстых і справядлівых» умовах.