Экс-намесніка міністра абароны Расіі асудзілі да 19 гадоў калоніі строгага рэжыму
4- 10.04.2026, 15:52
- 3,056
Чыноўніка прызналі вінаватым у крадзяжы 25,8 млн расійскіх рублёў.
235-ы гарнізонны ваенны суд прысудзіў былога намесніка міністра абароны Паўла Папова да 19 гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пасады на дзяржаўнай службе і ў органах самакіравання на тэрмін 7 гадоў. Суддзя Арцём Карпоў прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабароў, махлярстве, незаконным захоўванні зброі, службовым падлогу і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Папоў таксама павінен выплаціць штраф у памеры 85 млн руб. Таксама суд пазбавіў яго звання генерала арміі і дзяржаўных узнагарод, піша РБК.
Генерал арміі не прызнаў віны ні па адным з пунктаў абвінавачання. Падчас агучвання прысуду ён удзельнічаў у пасяджэнні па відэасувязі, яму дазволілі не ўставаць падчас агучвання ў сувязі са станам здароўя.
Падчас прэнняў дзяржаўны абвінаваўца прасіў для Папова 22 гады ў калоніі строгага рэжыму і 130 млн руб. штрафу.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме па хадайніцтве ваеннага пракурора, бо, паводле яго слоў, у матэрыялах справы змяшчаюцца звесткі, якія складаюць службовую таямніцу.
Суд устанавіў, што ў 2022–2024 гадах Папоў, а таксама намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інавацыйнага развіцця Уладзімір Шастераў і дырэктар Ваенна-патрыятычнага парка «Патрыёт» Вячаслаў Ахмедаў унеслі ў дакументацыю загадзя ілжывыя звесткі пра выкананыя будаўнічыя работы ў парку і здзейснілі шматмільённы крадзеж бюджэтных сродкаў.
Следства сцвярджала, што Папоў падчас прагулкі па парку, выкарыстоўваючы службовае становішча, загадаў падначаленым узвесці на яго ўчастку такія ж дамкі з калібраванага бярвення, якія былі пабудаваныя для гасцей на тэрыторыі «Патрыёта». З дапамогай Шастерава і Ахмедава ён арганізаваў будаўніцтва на ўласным участку ў СНТ «Звезда» пад Краснагорскам жылы двухпавярховы дом, лазню, жылое памяшканне, гараж, агароджу і ўсталяванне сістэмы відэаназірання. Акрамя іншага, за бюджэтныя сродкі, выдзеленыя для парка, былі набытыя мэбля і сантэхніка.
Паводле падлікаў Следчага камітэта, агульная сума скрадзеных сродкаў склала 25,8 млн руб.