Расійскі рубель спікіраваў да гадавога «дна»
- 19.03.2026, 13:25
- 2,896
Нягледзячы на рост цэн на нафту.
Нягледзячы на імклівы рост цэн на нафту, рубель працягвае слабець на Маскоўскай біржы, міжбанкаўскім рынку і форэксе, піша The Moscow Times.
У чацвер, 19 сакавіка, біржавы курс юаня дасягаў 12,65 рубля — максімуму з лютага 2025 года. Курс долара на пазабіржавым рынку таксама ўстанавіў гадавы рэкорд — 86,89 рубля, а курс еўра ўпершыню за паўгода наблізіўся да адзнакі 100 рублёў: ён дасягаў 99,5 рубля на міжбанку і 99,3 рубля на форэксе.
«Дэвальвацыя рубля рэзка паскорылася», — канстатуе аналітык «Алор Брокер» Ігар Сакалоў. Упершыню з верасня мінулага года рубель слабеў 8 дзён запар, а з пачатку тыдня страціў да юаня амаль 6%, што можа стаць найгоршым тыднёвым вынікам для расійскай валюты з лістапада 2022 года.
«Прычына падзення расійскай валюты крыецца ў моцным дэфіцыце юанёвай ліквіднасці», — тлумачыць Сакалоў. Прыплыў валюты ад экспарту скараціўся з-за падзення цэн на расійскую нафту ў канцы мінулага года, а ў сакавіку рынак пазбавіўся валюты ад дзяржавы пасля таго, як Мінфін прыпыніў продажы юаняў з ФНБ для пакрыцця дэфіцыту бюджэту.
У выніку стаўкі па юанёвых крэдытах на міжбанкаўскім рынку ўзляцелі да 40% гадавых, хоць яшчэ на пачатку года гэта было 1-2%.
«Фактычна валютны рынак цяпер функцыянуе ва ўмовах сапраўдных ~$45 за барэль», — апісвае сітуацыю эканаміст Ягор Сусін: валютная выручка паступае ў эканоміку са спазненнем у некалькі месяцаў. Да сакавіка «розніцу» кампенсавала дзяржава, якое прадавала валюту з ФНБ паводле бюджэтнага правіла.
Спыненне гэтых аперацый пазбавіла рынак $3 млрд штомесячнай валютнай прапановы, ацэньвае аналітык «Фінама» Аляксандр Патавін: «Дадзены фактар цяпер зрушвае курс рубля на больш слабыя ўзроўні — гэты працэс мы назіраем у апошнія дні».
Эфект ад узляцелых цэн на нафту, у тым ліку расійскай маркі Urals, якая, паводле дадзеных Bloomberg, прадавалася ў Індыі ўжо амаль па $100 за барэль, рубель адчуе бліжэй да мая, папярэджвае Патавін. Праўда, не выключана, што тады Мінфін перайдзе да пакупак валюты, каб папоўніць знясілены ФНБ, а гэта нівелюе ўплыў на курс, дадае ён.
Паступленні экспартных патокаў у краіну па цяперашніх высокіх цэнах у перспектыве наступных месяцаў дазволяць рублю стабілізавацца, пасля чаго адновіцца больш планамерны рух у напрамку 90–95 рублёў за долар да канца года, прагназуе «Цыфра брокер».