Германія і Брытанія адмовілі Трампу
37- 16.03.2026, 21:39
- 21,878
Краіны не будуць патруляваць Армузскі праліў.
Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль заявіў, што яго краіна не будзе ўдзельнічаць у патруляванні Армузскага праліва, да чаго заклікаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра гэта паведамляе Tagesschau.
«Мы не будзем удзельнічаць у гэтым канфлікце», — сказаў Вадэфуль.
Паводле яго слоў, ЗША і Ізраіль паведамлялі, што мэта іх атак заключалася ў знішчэнні ваеннага патэнцыялу Ірана, у прыватнасці ядзернай і ракетнай праграм. Германія разлічвае атрымаць інфармацыю пра дасягненне гэтай мэты.
«Тады мы з вялікай ахвотай прымем удзел у перамовах. Толькі шляхам перамоваў можна забяспечыць бяспеку ў Армузскім праліве і Чырвоным моры», — адзначыў ён.
Што да магчымога пашырэння ваенна-марской місіі ЕС «Аспідэс» у Армузскі праліў, Вадэфуль адзначыў, што «вельмі скептычна» ставіцца да таго, ці зможа яна забяспечыць больш бяспекі ў праліве.
Раней стала вядома, што прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер адмовіў Трампу ў накіраванні ваенных караблёў у Армузскі праліў для дапамогі ў яго разблакаванні.