Банк Англіі абновіць дызайн банкнотаў
1- 11.03.2026, 21:40
Партрэты Чэрчыля і Остын заменяць на дзікую прыроду.
Банк Англіі ўпершыню за больш як 50 гадоў абновіць дызайн банкнотаў, прыбраўшы з іх партрэты гістарычных асобаў, у тым ліку былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля і пісьменніцы Джэйн Остын. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе брытанскага цэнтральнага банка.
Банк заявіў, што цягам 50 гадоў дэманстраваў на банкнотах мноства натхняльных гістарычных асобаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё мыслення, наватарства, лідарства і нацыянальных каштоўнасцяў. Аднак цяпер іх партрэты заменяць вобразамі дзікай прыроды.
«У наступнай серыі банкнот будуць прадстаўлены выявы дзікай прыроды Брытаніі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Адзначаецца, што такое рашэнне было прынята паводле вынікаў апытання грамадскай думкі Банка Англіі ў жніўні 2025 года. 60% брытанцаў заявілі, што хацелі б бачыць на новых купюрах тэму прыроды. Другое месца занялі архітэктура і славутасці, гістарычныя асобы апынуліся на трэцяй пазіцыі.
У банку дадалі, што акрамя дзікіх жывёл у новым дызайне банкнот могуць прысутнічаць выявы раслін і краявідаў. Аднак змяшчаць на банкноты хатніх жывёл банк не будзе. Чакаецца, што новая серыя будзе выпушчана праз некалькі гадоў.