У Беларусі адмянілі яшчэ адзін штогадовы музычны фестываль
8- 6.02.2026, 12:27
- 6,706
Праз рашэнне чыноўнікаў.
Фестываль WOSTRAU, які штогод праходзіў у Нясвіжы, у 2026 годзе не адбудзецца. Ад яго правядзення адмовіліся арганізатары.
Яны заявілі, што пасля рашэння Саўміна не змогуць займацца арганізацыяй фестывалю на належным узроўні, піша выданне Telegraf.news.
«Уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2025 г. № 454 “Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў” і адсутнасць у нас магчымасці самастойна прывозіць замежных артыстаў робяць для нас правядзенне фестывалю немагчымым на тым узроўні, да якога мы з вамі прывыклі і які лічым для сябе правільным», — патлумачылі арганізатары.
У згаданай урадавой пастанове было апублікавана Палажэнне аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Там вызначана, якія суб’екты абавязаныя быць уключаныя ў рэестр, а таксама — якія патрабаванні і працэдуры неабходна выконваць. Праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх ці замежных выканаўцаў могуць толькі арганізатары, унесеныя ў такую базу дадзеных.