Вялікая сенсацыя на Алімпійскіх гульнях: фаварыт застаўся без медаля ў асабістым заліку
10- 14.02.2026, 9:07
- 13,088
Вынікі вольнай праграмы ў мужчынскім фігурным катанні аказаліся вельмі нечаканымі.
Уначы з 13 на 14 лютага паводле беларускага часу адбылася адна з галоўных падзей цяперашняй Алімпіяды — вольная праграма ў фігурным катанні сярод мужчын. Вынікі аказаліся вельмі нечаканымі, піша «Зеркало».
Мала хто сумняваўся, што першае асабістае золата Алімпіяды ў кар'еры заваюе 21-гадовы амерыканец Ілля Малінін. «Бог чацвярных», як празвалі фігурыста за вельмі складаныя скачкі, з упэўненнай перавагай выйграў кароткую праграму. А вось у вольнай ён дапусціў шмат памылак: сарваў другі скачок, потым двойчы ўпаў… Суддзі былі бязлітасныя да Іллі: па выніках двух дзён выступленняў ён заняў толькі восьмае месца. У выніку Малінін пакідае Італію з залатым медалём камандных спаборніцтваў.
Тым часам 21-гадовы прадстаўнік Казахстана Міхаіл Шайдараў, нягледзячы на пятае месца ў кароткай праграме, быў бездакорны ў вольнай. Суддзі паставілі яму амаль 200 балаў, і гэтай перавагі больш чым хапіла Шайдараву для золата. Міхаіл быў другім на чэмпіянаце свету 2025 года (перамог Малінін), а цяпер заваяваў сваю галоўную ўзнагароду ў кар'еры з агульнай сумай балаў 291,58.
Другое месца заняў япанець Юма Кагіяма (280,06), а трэцім стаў яго зямляк Шун Сата (274,90), які не змог стрымаць слёзы — настолькі нечаканай для яго аказалася няўдача Малініна, што дазволіла самому Сата падняцца на п'едэстал.
Першы ў гісторыі фігурыст, які выканаў каскад тройны аксель — чацвярны тулуп

Міхаілу Шайдараву 21 год. Ён — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 2025 года і пераможца чэмпіянату чатырох кантынентаў-2025. Яго трэнер — алімпійскі чэмпіён 1994 года Аляксей Урманаў. Шайдараў стаў першым у гісторыі фігурыстам, які выканаў на спаборніцтвах каскад тройны аксель — чацвярны тулуп, піша «Нямецкая хваля».
Раней адзінае золата ў Казахстана на зімовых Алімпіядах было ў нарвежскім Ліллехамеры ў 1994 годзе — тады лыжнік Уладзімір Смірнаў перамог на дыстанцыі 50 км класічным стылем. У фігурным катанні ў зборнай Казахстана была таксама алімпійская бронза, заваяваная Дзянісам Тэнам у Сочы-2014.