У Турцыі выпрабавалі Bayraktar у ўнікальнай ролі
- 5.11.2026, 13:14
- 1,858
Відэафакт.
Турэцкая кампанія Baykar выпрабавала ўдарны дрон Bayraktar TB2 у ролі носьбіта 16 FPV-камікадзэ Skydagger, два з якіх падчас тэсту паразілі мэты. Акрамя запуску, TB2 служыў рэтранслятарам сувязі для кіравання малымі дронамі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Baykar і паведамленне кампаніі ў Instagram.

Турэцкая кампанія Baykar 4 лістапада апублікавала відэа выпрабавання, падчас якога Bayraktar TB2 узляцеў з 16 FPV-камікадзэ Skydagger. Тэхнічны дырэктар Baykar Сельчук Байрактар апублікаваў кадры з подпісам «16 x FPV Drone Drop Test».
Паводле звестак кампаніі, TB2 узляцеў з Цэнтра лётнай падрыхтоўкі і выпрабаванняў у Кешане на паўночным захадзе Турцыі. На выпрабавальнай пляцоўцы ад яго аддзялілі два FPV-дроны. Пасля аддзялення TB2 служыў паветраным рэтранслятарам: праз яго наземныя аператары кіравалі дронамі, якія паразілі вызначаныя мэты.
Baykar паведамляе, што сярэдняя дальнасць FPV-дронаў на полі бою складае каля 15 км. Інтэграцыя з TB2, паводле кампаніі, дазваляе паражаць мэты на значна большых адлегласцях. У Baykar не ўдакладнілі, калі менавіта праходзілі выпрабаванні і што адбылося з астатнімі 14 дронамі.
Кантэйнер для запуску, DAGGER POD, распрацавала кампанія Skydagger. Ён разлічаны на 16 FPV-дронаў і мае модульную канструкцыю, якую можна адаптаваць да розных платформаў.
На сайце Baykar TB2 апісаны як платформа класа MALE (сярэдняй вышыні і вялікай працягласці палёту) з размахам крыла 12 м і карыснай нагрузкай да 150 кг. Максімальная ўзлётная маса складае 700 кг, працягласць палёту — больш за 18 гадзін. Кампанія сцвярджае, што заключыла экспартныя пагадненні па TB2 з 36 краінамі.