27 лiстапада 2026, Пятніца, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расія страціла 87 «супердыверсантаў» для найважнейшых і сакрэтных заданняў

Расія страціла 87 «супердыверсантаў» для найважнейшых і сакрэтных заданняў

Некаторыя загінулі ў тыле пры дзіўных абставінах.

З 2022 года Расія страціла 87 байцоў Сіл спецыяльных аперацый, з іх большасць былі «высокакласнымі афіцэрамі-дыверсантамі», паведамляюць «Важныя гісторыі» са спасылкай на уцечку базы даных Расстата.

Базу даных з запісамі пра смерці расіян журналістам перадалі хакерскія групоўкі Кіберпартызаны і Silent Crow.

Як пішуць «Важныя гісторыі», Сілы спецыяльных аперацый — гэта асобная структура Узброеных Сіл РФ, якая непасрэдна падпарадкоўваецца Генштабу РФ. Яны звязаныя з ГРУ РФ, але не ўваходзяць у яе структуру. Паводле слоў журналістаў, у ССО ўключаюць «найлепшых байцоў з элітных падраздзяленняў спецназа ГРУ». Яны займаюцца дыверсіямі, сакрэтнымі аперацыямі «па абароне інтарэсаў Расіі» і замежнымі інтэрвенцыямі.

ССО былі створаныя за год да акупацыі Крыму, і тады яны налічвалі два цэнтры спецыяльнага прызначэння — Сенеж і Кубінка-2. Менавіта атрады ССО ў лютым 2014 года вывезлі з Украіны уцекача-прэзідэнта Віктара Януковіча і ўварваліся ў Крым без распазнавальных знакаў. Таксама журналісты згадваюць інфармацыю, што ў шэрагах ССО былі будучыя кілеры ГРУ Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін, а таксама будучы стваральнік ПВК Вагнер b>Дзмітрый Уткін.

У 2023 годзе падраздзяленне ССО «Сенеж» увайшло ў склад новай структуры, якая адказвае за дыверсіі ў краінах НАТА, паведамляла газета The Wall Street Journal. Гэтую структуру лічаць датычнай да падрыхтоўкі забойства кіраўніка нямецкага абароннага канцэрна Rheinmetall і выбухаў на самалётах у Еўропе.

Па дадзеных выдання «Важныя гісторыі», з 2022 года ССО страцілі аднаго палкоўніка, чатырох падпалкоўнікаў, 19 маёраў і 34 малодшых афіцэра, а таксама шэсць афіцэраў, чыны якіх невядомыя. Як мінімум трое загінулых афіцэраў у 2014 годзе ўдзельнічалі ў акупацыі Крыму — маёр Сенежа Іван Афанасьеў і маёры Кубінкі-2 Сяргей Трунтаў і Сяргей Горын.

Па меншай меры 54 байцы ССО загінулі ва Украіне, яшчэ трае памерлі ад раненняў у падмаскоўных шпіталях. Пяцёра загінулі ў Сірыі, прычым трае — падчас звяржэння рэжыму дыктатара Башара Асада апазіцыяй, пішуць «Важныя гісторыі».

Журналісты адзначылі, што пяць дыверсантаў «Сенежа», верагодна, самі сталі ахвярамі дыверсій украінскіх спецслужбаў у тыле РФ. У кастрычніку 2024 года ў падмаскоўнай вёсцы Меленкі быў забіты намеснік камандзіра цэнтра падрыхтоўкі «Сенеж», 44-гадовы палкоўнік Мікіта Кленкоў. У маі 2025 года пры падрыве вайсковай часці ў Прыморска-Ахтарску Краснадарскага краю загінулі трае байцоў «Сенежа». Яшчэ адзін афіцэр «Сенежа» загінуў падчас выбуху на святкаванні дня нараджэння галоўнакамандуючага ВКС РФ генерала Аляксандра Чайко у маскоўскім рэстаране 1 жніўня 2026 года.

«Яшчэ сем байцоў ССО загінулі пры нявыяўленых абставінах: выпадковы падрыў, утапленне, атручванне невядомымі рэчывамі, павешанне, дзіўныя ДТЗ. Ні ў адным з эпізодаў смерць не прызнана самагубствам або няшчасным выпадкам, а байцоў ушаноўвалі як загінулых на вайне», — звярнулі ўвагу журналісты.

Таксама на фронце ва Украіне загінулі як мінімум тры высокапастаўленыя афіцэры касмічнай разведкі ГРУ РФ — усе ў адзін дзень вясной 2026 года ў Луганску. Паводле выдання «Важныя гісторыі», гэтыя смерці супалі з узнікненнем у расіян праблем са Starlink і распрацоўкай уласнага аналага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲