Таемная аперацыя «Мядзведжы капкан»: ЗСУ агаломшылі Крэмль
5- 21.11.2026, 15:00
- 37,782
Вызвалены 14 населеных пунктаў і 200 кв. км тэрыторыі.
З'явіліся падрабязнасці вялікай аперацыі ЗСУ ў Харкаўскай вобласці, якая атрымала назву «Мядзведжы капкан». На працягу некалькіх месяцаў яна праводзілася ва ўмовах строгай сакрэтнасці. Першыя падрабязнасці аперацыі раскрыў 475-ы штурмавы палк ЗСУ CODE 9.2.
Улетку 2026 года Расія пачала наступ на Харкаўшчыне пад назвай «Мядзведжы кут». Планы ў агрэсара былі вельмі амбіцыйныя: падзяліць украінскія сілы, узяць іх у клешчы і знішчыць.
На пачатку восені Мінабароны РФ амаль штотыдзень заяўляла, што закрыты «кацёл» вакол каля 2 тыс. украінскіх вайскоўцаў.
Пакуль начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў дакладваў дыктатару Уладзіміру Путіну пра поспехі гэтай аперацыі, CODE 9.2 пачаў супрацьдзеянне ў рэжыме поўнай інфармацыйнай цішыні і сакрэтнасці. Контраперацыя была названая «Мядзведжым капканам».
Пачалося ўсё з таго, што напрыканцы чэрвеня войскам РФ удалося прабіць мяжу ў раёне вёскі Арцельнае і наблізіцца да Прыколотнага. Агрэсар фармаваў дзве клешчы, якія павінны былі замкнуць каля 500 кв. км Харкаўшчыны.

Сітуацыя стала пагрозлівай, і Галоўнакамандуючы ЗСУ прыняў рашэнне аб перакідцы на гэты ўчастак падраздзяленняў CODE 9.2 і 109-га разведвальнага палка. Іх задачай было адрэзаць правую клешчу ЗС РФ.
Задачу ўдалося выканаць за тры тыдні. У выніку дзякуючы аперацыі «Мядзведжы капкан» ЗСУ вызвалілі каля 200 кв. км тэрыторыі і 14 населеных пунктаў.
«Аперацыя яшчэ не завершаная, але сітуацыя ўжо цалкам стабілізаваная. Пагроза, што нешта пойдзе не так, практычна адсутнічае», — распавёў камандзір CODE 9.2 Аляксандр «Флінт» Настэнка.