Германія створыць першы дронавы палк з украінскімі БПЛА і «Фламінга»
- 25.11.2026, 8:47
Падраздзяленне будзе складацца з шасці рот.
Бундэсвер плануе сфармаваць спецыялізаваны палк беспілотных сістэм, які аб'яднае разведвальныя дроны, сродкі РЭБ, перахопнікі БПЛА і далёкабійную зброю.
Паводле звестак Politico, Германія мае намер выкарыстаць украінскі баявы досвед і ўжо выпрабаваныя ў вайне супраць РФ тэхналогіі.
Фарміраванне палка пачнуць у 2027 годзе. На першым этапе ў яго ўвайдуць каля 350 вайскоўцаў, а да 2029 года колькасць павялічаць да 600 чалавек. Падраздзяленне будзе складацца з шасці рот, якія адказваюць за: разведку, аперацыі рознай далёкасці, супрацьдзеянне варожым БПЛА і выпрабаванне новых тэхналогій.
На закуп тысяч беспілотнікаў прадугледжана каля 150 млн еўра. У пераліку ўзбраення фігуруюць украінскія сістэмы, нямецкія і амерыканскія тэхналогіі.
Сем з дзевяці згаданых комплексаў ужо выкарыстоўваюцца ва Украіне. Гэта разведвальныя дроны Raybird і Vector, ударныя Hornet і Bumblebee, перахопнік Merops, а таксама наземны рабатызаваны комплекс Termit.
Для падраздзялення дальняга дзеяння Deep Strike прадугледжаныя разведвальны БПЛА з радыусам дзеяння да 2000 км і украінская крылацая ракета «Фламінга» кампаніі Fire Point, заяўная далёкасць якой перавышае 2000 км.
Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус заявіў, што супрацоўніцтва з Украінай даўно перастала быць аднабаковым: Берлін пераймае яе досвед прымянення беспілотнікаў і іншых ваенных тэхналогій.