СМІ: У дачыненні да прарасійскага блогера Шарыя вядзецца расследаванне аб махлярстве
Справа ўжо ў судзе Іспаніі.
Судовае расследаванне аб адмыванні грошай, падробцы дакументаў, падатковым махлярстве і ўтойванні актываў вядзецца ў Іспаніі ў дачыненні да прарасійскага блогера Анатолія Шарыя. Пра гэта 3 кастрычніка піша выданне El Diario са спасылкай на матэрыялы справы і самога блогера.
Як піша газета, Анатолій Шарый і ягоная жонка Альга Бандарэнка з’яўляюцца падатковымі рэзідэнтамі Іспаніі з 2016 года. Пара запісвае відэа на YouTube. Украінскія ўлады ўзбудзілі ў дачыненні да яго крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе, прасілі аб выдачы, але Іспанія адмовіла. У тым ліку таму, што Шарый з’яўляецца палітычным уцекачом, статус ён атрымаў у Літве.
Згодна з матэрыяламі справы, піша газета, сужэнцам небеспадстаўна можа быць інкрымінавана махлярства на 10,7 млн еўра. Следства выявіла рахункі ў Літве і Расіі, P2P-плацяжы, ініцыяваныя парай з Расіі і Люксембурга, пералічэнні, атрыманыя ад фізічных асоб у Казахстане, і плацяжы, атрыманыя праз анлайн-платформы. Паводле дадзеных El Diario, следчыя лічаць, што гэта можа быць аплатай дзейнасці супраць інтарэсаў Украіны.
Па справе былі праведзены вобшукі, піша газета, а ў Шарыя і Бандарэнкі нібыта знайшлі пісталет Glock 19, крыптавалюту на суму прыкладна 800 тысяч еўра, карціны, гадзіннікі, ювелірныя вырабы на суму 400 тысяч еўра, дваццаць залатых зліткаў коштам 150 тысяч еўра і аўтамабіль Porsche Cayenne. Усё гэта было канфіскавана.
На дадзены момант расследаванне працягваецца ўжо ў судзе, фігуранты даюць паказанні.