У Еўропе будуюць свой «Суэцкі» канал працягласцю больш за 107 кіламетраў
- 28.10.2026, 22:51
Ён павінен злучыць сталічны рэгіён Францыі з суседнімі Бельгіяй і Нідэрландамі.
Францыя будуе канал Сена — Паўночная Еўропа працягласцю 107 км, які плануюць завяршыць у 2032 годзе. Праект пакліканы палепшыць грузавыя перавозкі паміж еўрапейскімі краінамі, аднак яго кошт істотна вырас, а эканамічная мэтазгоднасць выклікае дыскусіі. Пра гэта піша Business Insider Africa.
Як паведамляе выданне, завяршэнне работаў чакаецца на два гады пазней, чым меркавалася раней, калі планавалі ўвесці канал у эксплуатацыю ў 2030 годзе. У студзені 2026 года дзяржаўная кампанія Société du Canal Seine-Nord Europe, адказная за праект, павялічыла каштарыс з 5,1 млрд еўра да 7,3 млрд еўра. Сярод прычын назвалі інфляцыю, затрымкі будаўніцтва і дадатковыя экалагічныя патрабаванні.
Канал стане часткай транспартнай сеткі «Сена — Шэльда», якая злучыць Францыю, Бельгію і Нідэрланды праз унутраныя водныя шляхі і буйныя гандлёвыя парты, у прыватнасці Ратэрдам і Антверпен. Водная артэрыя шырынёй 54 метры і глыбінёй 4,5 метра зможа прымаць баржы з грузам да 4400 тон.
«Павелічэнне прапускной здольнасці дазволіць штогод замяніць да аднаго мільёна паездак цяжкіх грузавікоў па французскіх дарогах», — гаворыцца ў публікацыі.
Будаўніцтва прадугледжвае ўзвядзенне сямі шлюзаў, трох мастоў праз канал, аўтамабільных і чыгуначных пераходаў, а таксама рэалізацыю прыродаахоўных мер. Фінансаванне забяспечваюць Еўрапейскі Саюз, французскі ўрад і рэгіянальныя ўлады.
У той жа час, як адзначаецца ў публікацыі, экалагічныя арганізацыі ставяць пад сумнеў, ці зможа скарачэнне аўтамабільных перавозак кампенсаваць уздзеянне маштабнага будаўніцтва на навакольнае асяроддзе.
Чакаецца, што канал будзе працаваць у рамках дзеючай французскай сістэмы збораў за суднаходства. Аднак, у адрозненне ад Суэцкага канала ў Егіпце, які абслугоўвае буйныя марскія судны і ў 2023 годзе прынёс рэкордныя $10,25 млрд даходу, французскі праект арыентаваны перш за ўсё на рэгіянальныя грузавыя перавозкі. Яго эканамічны эфект пакуль выклікае дыскусіі.