У Германіі арыштаваныя двое грамадзян Беларусі
2- 28.10.2026, 22:16
Іх абвінавачваюць у дыверсіях у Румыніі і Баварыі.
Генеральная пракуратура Мюнхена вядзе расследаванне ў дачыненні да двух грамадзян Беларусі ва ўзросце 39 і 50 гадоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы дыверсій на тэрыторыі Баварыі. Пра гэта ведамства паведаміла ў сераду, 28 кастрычніка, пацвердзіўшы апублікаваную раней інфармацыю часопіса Der Spiegel. Паводле звестак выдання, іх арыштавалі яшчэ на пачатку кастрычніка, і з таго часу яны знаходзяцца ў папярэднім утрыманні пад вартай.
Паводле версіі следства, падазраваныя планавалі ўчыніць падпалы ў раёне Нюрнберга паблізу чыгуначнай лініі і лініі электраперадачы. Ім інкрымінуюць агентурную дзейнасць і змову з мэтай учынення дыверсіі і падпалу, адзначае Der Spiegel. Расследаванне вядзе Цэнтральнае ўпраўленне па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам пры генеральнай пракуратуры Мюнхена.
Адначасова расследаванне ў дачыненні да абодвух затрыманых у Германіі мужчын вядуць праваахоўныя органы Румыніі, якія падазраюць іх у датычнасці да пажару, што ўспыхнуў у ноч на 14 верасня ў прамысловым парку горада Брашоў. Там знаходзіцца завод Carfil, які вырабляе гранатамёты і боепрыпасы.
Румынская пракуратура па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю дамагаецца экстрадыцыі затрыманых з Германіі. Па справе аб падпале таксама праходзіць грамадзянін Украіны, затрыманы 26 кастрычніка ў Польшчы.
Паводле даных румынскай разведвальнай службы SRI, падазраваныя ўваходзілі ў сетку, якая займалася шпіянажам і дыверсіямі пад кіраўніцтвам Расіі. Масква адхіляе ўсе абвінавачанні заходніх краін у арганізацыі падобных аперацый. У паведамленні Генпракуратуры Мюнхена нічога не гаворыцца пра сувязі з Расіяй затрыманых у Баварыі грамадзян Беларусі.