Пуцін назваў Маска «геніем» пасля выпадаў мільярдэра ў адрас Зяленскага
2
Дыктатар РФ распавёў пра «цесныя кантакты» з заснавальнікам SpaceX.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін, выступаючы на саміце «Расія — Афрыка», назваў Ілона Маска «сапраўды геніяльным чалавекам» і заявіў пра кантакты Расіі з амерыканскім бізнесменам, пішуць «Ведамасці».
«Мы цесна супрацоўнічаем з нашымі амерыканскімі партнёрамі, у прыватнасці са спадаром Маскам, бо на арбітах вельмі важна не перашкаджаць адзін аднаму, выконваць пэўную дысцыпліну і парадак», — заявіў Пуцін.
Дыктатар пахваліў амерыканца за бачанне і ўклад у развіццё касмічных тэхналогій. «Ілон Маск — геніяльны чалавек, проста сапраўды геніяльны. Колькі ў яго на арбіце такіх [спадарожнікаў]? Больш за 5000, а мы робім толькі першыя крокі», — сказаў Пуцін, маючы на ўвазе расійскі праект «Рассвет», заяўлены як адказ на створаную Маскам сістэму Starlink.
Словы Пуціна па часе супалі з канфліктам амерыканскага мультыміліярдэра і афіцыйнага Кіева, які датычыў якраз згаданай сістэмы спадарожнікавай сувязі. Першапачаткова Маск 11 кастрычніка на тле збліжэння Дональда Трампа з Пуціным падтрымаў прэзідэнта ЗША і напісаў у сацсетцы «Х», што «Зяленскі зайшоў занадта далёка», намякаючы на ўкраінскія ўдары па расійскіх НПЗ. Прэзідэнт Украіны паріраваў гэта заявай, што Трамп і Маск не могуць спыніць Пуціна, таму «аказваюць ціск на іншых». У адказ амерыканскі бізнесмен заклікаў Зяленскага падаць у адстаўку і ўсклаў на яго віну за тое, што «разня працягваецца».
На заявы Маска наклалася чарада збояў у сістэме Starlink/Starshield, якую на фронце выкарыстоўваюць украінскія войскі; пра перабоі ўпершыню стала вядома 14 кастрычніка. Падчас крызісу бізнесмен займаў супярэчлівую пазіцыю. Ён сцвярджаў, што не мог адключыць сувязь Кіеву, паколькі прызначаная для вайсковых патрэб сістэма Starshield нібыта кантралюецца ўладамі ЗША, і адначасова абвінавачваў Украіну ў парушэннях пры выкарыстанні сэрвісу. Пры гэтым крыніцы The Telegraph у Белым доме наўпрост называлі менавіта Маска галоўным ініцыятарам адключэння Starshield для ўкраінскіх салдат.
У рэшце рэшт Трамп 23 кастрычніка абвясціў, што Маск аднавіў для Кіева доступ да Starlink/Starshield, адмовіўшыся ўдакладняць падрабязнасці працэсу. Украінскі бок толькі на наступны дзень пацвердзіў, што аплачаная Польшчай спадарожнікавая сувязь працуе на фронце без збояў.