ISW: Пяскоў і Ушакоў раскрылі пазіцыю Крамля напярэдадні перамоваў у Абу-Дабі
2- 27.10.2026, 13:33
Планка зніжана.
Крамль паслядоўна адхіляе прапановы Кіева і Вашынгтона адносна поўнага або частковага спынення агню, і заявы расійскіх чыноўнікаў напярэдадні трохбаковых перамоваў не паказваюць на змяненне гэтага курсу. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) у сваім дакладзе.
Сустрэча дэлегацый Украіны, ЗША і Расіі запланаваная на 10 лістапада 2026 года ў Абу-Дабі. Кіеў разлічвае вынесці на абмеркаванне тэму перамір’я на фронце, аднак у Маскве, паводле ацэнак аналітыкаў, да гэтага не гатовыя.
Амерыканскія даследчыкі звязваюць сваю ацэнку з апошнімі публічнымі сігналамі з найбліжэйшага атачэння Пуціна.
«Нядаўнія заявы Пяскова і Ушакова сведчаць пра тое, што пазіцыя Крамля напярэдадні будучых трохбаковых перамоваў застаецца нязменнай: адхіленне прапаноў аб спыненні агню», — падкрэслілі ў ISW.
Якія дамоўленасці прапануе Кіеў
25 кастрычніка прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што Украіна гатовая да спынення агню. Ідзе гаворка не толькі пра поўную цішыню на ўсёй лініі фронту, але і пра асобныя, больш вузкія дамоўленасці.
Сярод такіх варыянтаў — мараторый на ўдары па энергетычных аб’ектах або абмежаванне баявых дзеянняў у Чорным моры. Гэтыя пытанні ўкраінская дэлегацыя плануе ўзняць менавіта ў трохбаковым фармаце з удзелам прадстаўнікоў ЗША.
Пяскоў і Ушакоў зніжаюць планку чаканняў
Першы тон задаў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. 20 кастрычніка ён заявіў, што працяг трохбаковых кантактаў ніякім чынам не абмяжоўвае ваенныя аперацыі, а расійская армія і надалей будзе весці баявыя дзеянні супраць Украіны.
Яшчэ больш скептычным 25 кастрычніка быў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў. Паводле яго меркавання, перамовы «мала што вырашаць» і стануць хутчэй «прабным запускам», — дапусціў крэмлёўскі чыноўнік.