27 кастрычнiка 2026, aўторак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем прыкмет наступу новага свету

2
Сем прыкмет наступу новага свету

Хто напіша правілы для яго?

Калі вам здаецца, што мы жывём у свеце, дзе ўсе правілы зламаліся, — вам не здаецца. Гэта сапраўды так

Зламаліся 7 асноўных звыклых рэчаў. Ім прыйшоў канец.

1. Канец сусветнага парадку. Канец уяўленням пра тое, што ў свеце існуюць непахісныя правілы і прынцыпы, надзейныя саюзы і саюзнікі. Што свет кіруецца каштоўнасцямі і дамоўленасцямі. Што можна мець невялікі абаронны бюджэт і дбаць толькі пра дабрабыт, а пра бяспеку паклапоціцца хтосьці іншы. Што паміж мірам і вайной існуе выразная мяжа і можна не дапусціць выхаду вайны за гэтыя межы.

2. Канец глабалізацыі. Значная частка сусветнага гандлю праходзіць праз некалькі вузкіх праліваў. Умоўныя варвары могуць паралізаваць сусветны гандаль, які ахоўваецца авіяносцамі, — гэта калісьці раздражняла нас у гульні Sid Meier’s Civilization, а сёння стала рэальнасцю. Ланцужкі стварэння дададзенай вартасці могуць раптам і груба абарвацца. Набытыя вамі тавары ці паслугі могуць раптам перастаць працаваць праз палітычнае рашэнне, прынятае дзесьці далёка. Сабекошт больш не «каралева» — даводзіцца задумвацца пра бяспеку, калі купляеш нешта на іншым кантыненце.

3. Канец безумоўнага росту. Экстэнсіўная мадэль эканомікі абапіралася на тры фактары: рост насельніцтва, экспансію на новыя рынкі і невычэрпнасць прыродных рэсурсаў. Сёння ўсе тры фактары ўперліся ў абмежаванні. А бізнес прывык заўсёды закладваць у фінансавыя планы паказчыкі вышэй за леташнія. На танныя грошы ў свеце больш нельга спадзявацца (нам дык усё роўна — у нас іх ніколі і не было). Урэшце, бывае і так, што ВУП усё ж расце, а ўсе паказчыкі якасці жыцця — падаюць.

4. Канец звыклага ўкладу жыцця. Раней адукацыя служыла сацыяльным ліфтам на ўсё жыццё. Сёння гэты ліфт часта не працуе, рухаецца з перабоямі — прычым у абодва бакі. Прынцып, паводле якога дзеці будуць жыць лепш за бацькоў, сыходзіць у мінулае. І ўсё меншай колькасці дзяцей давядзецца ўтрымліваць усё большую колькасць старых, з-за чаго дамова пакаленняў трэшчыць па швах.

5. Канец ідэалогій. Правыя і левыя ўсё меней адрозніваюцца сваімі эканамічнымі праграмамі, спаборнічаючы ў папулізме: хто дасць больш прыгожых абяцанняў, не збіраючыся іх выконваць. Мары пра грамадскі кансэнсус марныя. Да таго ж нефармальныя інстытуты прадстаўніцтва інтарэсаў (часта сканцэнтраваныя на адной праблеме) набываюць большую вагу, чым фармальныя.

6. Канец веры ў прагрэс. Дэмакратыя і свабода не перамаглі ва ўсім свеце, як калісьці лічылі пасля распаду СССР. Фармальная адукаванаць расце, але сталасці і мудрасці ад гэтага не прыбывае. Накопліванне ведаў не канвертуецца ў іншыя даброты: мір, дабрабыт, справядлівасць і г. д.

Усё гэта скончылася не за адзін дзень. Гэта адбывалася паступова і часам незаўважна, але вось, урэшце, мы тут.

Вы скажаце, што я абяцаў сем, а атрымалася шэсць. Шэсць — не самая прыгожая лічба, а сем падабаецца ўсім. Дык трымайце сёмае, якое тлумачыць папярэднія.

7. Канец прадказальнасці і ўпэўненасці. Насамрэч шэсць згаданых вышэй звыклых рэчаў не зніклі назаўжды — адначасова, паўсюдна і для ўсіх. Знікла наша ўпэўненасць у тым, што яны вечныя і гарантаваныя.

Гэта не захад свету. Гэта разрыў эпох: старыя правілы больш не дзейнічаюць, а новыя яшчэ не напісаныя. Міжкаралеўе (interregnum).

Хто будзе вызначаць гэтыя новыя правілы?

У гісторыі пастаянна здаралася так, што ў перыяды безуладдзя новыя правілы задаюць малыя гульцы з перыферыі сістэмы. Тыя, хто жыве на краі, на мяжы, і першым бачыць з'яўленне новых трэндаў. Тыя, каму хапае смеласці вызначаць ход падзей. Тыя, каго не распешчыла камфортнае жыццё ў цэнтры сістэмы. Тыя, хто здольны дзейнічаць ва ўмовах няпэўнасці, не чакаючы гарантый ад свету. Тыя, хто хутчэй адаптуецца.

Магчыма, гэта мы.

Валерый Пекар, выкладчык Кіева-Магілянскай бізнес-школы, «Фэйсбук».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲