27 кастрычнiка 2026, aўторак, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнік прэзідэнта Польшчы: Няма падставаў змякчаць санкцыі супраць Лукашэнкі

Прадстаўнік прэзідэнта Польшчы: Няма падставаў змякчаць санкцыі супраць Лукашэнкі
Марцін Пшыдач

Варшава не бачыць гатоўнасці Мінска змяняць сваю палітыку.

Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач заявіў «Радыё Свабода», што Еўразвяз павінен актывізаваць дыпламатычныя намаганні дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў. У той жа час ён не бачыць падставаў для змякчэння санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Мінска.

— Безумоўна, пытанне палітвязняў надзвычай важнае, і трэба рабіць усё магчымае дыпламатычнымі сродкамі, каб вызваляць гэтых людзей.

І тут Польшча зрабіла вельмі шмат, бо дзякуючы нашым добрым кантактам з амерыканскай адміністрацыяй нам удалося пераканаць амерыканцаў далучыцца да працы ў гэтым кірунку і дамагчыся вызвалення, сярод іншага, Анджэя Пачобута, а таксама многіх іншых. Вядома, амерыканцы дзейнічалі і ў межах уласных інтарэсаў, — сказаў Пшыдач.

Паводле яго, еўрапейская дыпламатыя таксама павінна актывізаваць працу па пытанні беларускіх палітвязняў.

— Аднак сёння я не бачу прычын змяняць санкцыйную палітыку, хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць змяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я не бачу з боку Мінска такой далёкасяжнай гатоўнасці, — заявіў прадстаўнік прэзідэнта Польшчы.

Пра беларускі калій і санкцыі

Адказваючы на пытанне пра магчымасць аднавіць экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз Еўразвяз, каб Беларусь у выніку плаціла грошы не Расіі, а портам Польшчы і краін Балтыі, Пшыдач заявіў, што Польшча не падтрымлівае маштабную лібералізацыю эканамічных адносінаў з Беларуссю.

— Нават калі гэтыя ўгнаенні ідуць праз Расію, яны прыносяць беларускаму рэжыму меншыя даходы і становяцца менш канкурэнтаздольнымі на міжнародных рынках. Гэта стварае пэўныя цяжкасці для ўладаў у Мінску.

Бо санкцыі — не самамэта. Гаворка не пра тое, каб уводзіць санкцыі толькі дзеля саміх санкцый. Іх мэта — прымусіць Беларусь да пэўных зменаў у палітыцы.

На ўдакладняльнае пытанне Свабоды, ці азначае гэта, што Польшча не павінна дапамагаць ЗША ў аднаўленні гандлю з Беларуссю, у тым ліку ў пытанні беларускіх угнаенняў, Пшыдач адказаў:

— Калі амерыканцы плануюць нейкія змены ў гандлёвай сферы, я буду ставіцца да гэтага крытычна.

Немагчыма адным тэлефонным званком, нават з боку найбольш уплывовага палітыка, дыпламата, чыноўніка або журналіста, змяніць палітыку іншых дзяржаў.

Трэба глядзець на ўсё праз прызму ўласных інтарэсаў і ўзважваць розныя аргументы.

«Кошт нармалізацыі адносінаў з Захадам не быў для Лукашэнкі празмерна высокі»

Пшыдач назваў сябе прыхільнікам жорсткага курсу ў дачыненні да Беларусі і нагадаў, што Беларусь мела шанец нармалізаваць адносіны з Польшчай.

— Кошт гэтага для Беларусі не быў нейкім празмерна высокім. Мы чакалі вельмі відавочных рэчаў: каб не пераследавалі апазіцыю, каб ствараліся ўмовы для рэалізацыі свабоды слова, каб не пераследавалі польскую меншасць.

Ніводная з гэтых умоваў Аляксандрам Лукашэнкам не была выкананая. Таму сёння няма прычын, каб Польшча змяняла сваю палітыку.

На думку прадстаўніка Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, санкцыі часткова дасягнулі сваёй мэты, бо стварылі інструменты, якія цяпер могуць выкарыстоўвацца ў перамовах з уладамі Беларусі.

— Каб сёння можна было казаць пра магчымую адлігу, трэба было мець нейкую зыходную пазіцыю. І каб амерыканцы сёння маглі гаварыць, напрыклад, пра вызваленне палітвязняў у абмен на зняцце санкцый з «Белавія», спачатку «Белавія» павінна была трапіць пад гэтыя санкцыі, — сказаў польскі палітык.

Пшыдач таксама нагадаў пра папярэднія спробы Варшавы праводзіць больш мяккую палітыку ў дачыненні да Мінска.

— Асабіста я памятаю перыяд, калі спрабавалі праводзіць крыху больш мяккую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Тады гэта прынесла некалькі станоўчых вынікаў.

Думаю, палякам, якія жылі ў Беларусі, у той час жылося крыху лягчэй. Польскія могілкі аднаўляліся, школы больш-менш працавалі. Але Аляксандр Лукашэнка абраў іншы шлях і пачаў не толькі жорстка прыгнятаць уласных грамадзян.

Польшча тады адрэагавала адпаведным чынам, увёўшы санкцыі. Я добра гэта памятаю, бо сам адказваў у Варшаве за падрыхтоўку гэтых санкцыйных пакетаў.

І справа была ўжо не толькі ў дзеяннях супраць уласных грамадзян — была пачатая гібрыдная аперацыя, фактычна аперацыя агрэсіі супраць Польшчы на польска-беларускай мяжы.

Паводле слоў Пшыдача, цяпер ён выступае за захаванне жорсткага курсу ў дачыненні да беларускіх уладаў. Ён таксама скептычна ацаніў механізм вызвалення палітвязняў у выніку перамоваў паміж Вашынгтонам і Мінскам.

— Амерыканцы сапраўды вядуць нейкі дыялог. Пакуль ён адбываецца на ўзроўні абмену зняволенымі або вызвалення зняволеных. Гэта выглядае так: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў зняволеных, а на наступны дзень затрымлівае новых. І такім чынам пастаянна захоўвае гэтую «валюту», якой можа гандляваць.

«Еўрапейцы зусім не абавязаныя ісці за амерыканцамі»

Пшыдач падкрэсліў, што нават калі Вашынгтон працягне змякчаць частку абмежаванняў супраць Беларусі, гэта не азначае аўтаматычнага змянення палітыкі Еўразвязу.

— Трэба памятаць, што ўсё гэта ў пэўнай ступені ўзаемазвязана. Нават калі амерыканцы нешта прапануюць, еўрапейцы зусім не абавязаныя ісці за імі.

І сёння сітуацыя такая, што нават пасля зняцця пэўных санкцый некаторыя рэчы ўсё роўна немагчыма зрабіць, бо яны залежаць ад Еўропы, ад нас, ад Еўразвязу, ад Польшчы і ад нашага голасу, а не толькі ад голасу Вашынгтона.

На пытанне Свабоды, ці спрабавала адміністрацыя ЗША схіліць Польшчу да змянення палітыкі ў дачыненні да Беларусі, Пшыдач адказаў адмоўна.

— Не, з намі пра гэта не размаўлялі. Амерыканцы ніколі не ціснулі на нас у пытанні Беларусі. Пра Беларусь, пра беларускі рэжым прэзідэнт гаварыў 3 верасня мінулага года ў кантэксце Анджэя Пачобута. Тады ён папрасіў прэзідэнта Трампа дапамагчы вызваліць Анджэя Пачобута.

Мы рады, што дзякуючы непасрэднаму ўдзелу амерыканскай адміністрацыі і дыпламатыі ўдалося вызваліць нашага героя. Думаю, гэта станоўчы вынік. У іншых пытаннях ніякага ціску не было.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲