Чэмпіён Беларусі па веласіпедным спорце пайшоў працаваць у таксі
ФОТА: TUT.BY
Каб забяспечыць сям’ю.
Яўген Гутаравіч – 42-гадовы былы прафесійны шасэйны веласіпедыст з Мінска. Ён з 18 гадоў трэніраваўся ў Францыі, пасля некалькі разоў перамагаў на чэмпіянаце Беларусі ў групавой гонцы, удзельнічаў у летніх Алімпійскіх гульнях у складзе нацыянальнай зборнай у 2012 годзе, а таксама ўдзельнічаў у прэстыжных велагонках свету, перадае «Белсат».
Пасля заканчэння прафесійнай кар’еры Гутаравіч «даўгі час» працаваў трэнерам у велаклубе «Мінск», распавёў ён у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 5». Былы спартсмен адзначыў, што мае адпаведную адукацыю трэнера Міжнароднай федэрацыі веласіпеднага спорту, якую атрымаў у Швейцарыі.
Пасля, кажа, мог бы пайсці настаўнікам фізкультуры ў школу, але быў і больш цікавы варыянт — запрашалі і трэнерам у нацыянальную каманду. Ад прапановы Яўген адмовіўся, каб забяспечваць сям’ю.
«Вельмі Наталля Валер’еўна Цілінская [старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту. — Заўв. рэд.] хоча мяне ўзяць. Але сітуацыя так складваецца, што ў мяне трое дзяцей, і мы з кожным днём становімся ўсё старэйшымі», — сказаў былы спартсмен.
Таму Яўген выбраў таксі, працуе ў бізнес-сегменце, яго пасажыры — пераважна «ужо больш-менш заможныя людзі». Былы спартсмен кажа, што выканаў ужо каля пяці тысяч заказаў, прыемна здзіўлены паводзінамі пасажыраў і задаволены працай.
«Гэта, як правіла, уладальнікі бізнесаў, начальнікі, людзі, якія ўжо адбыліся ў нейкіх сваіх галінах. Дарэчы, я, яшчэ будучы трэнерам, выязджаў у выхадныя, у вольны ад працы час, і займаўся гэтай справай, — сказаў ён у інтэрв’ю. — На пальцах можна палічыць людзей, якія былі, так бы мовіць, неяк некамфортныя».
Гутаравіч распавёў, што яго сярэдняя дачка таксама займаецца веласіпедным спортам, старэйшая вучыцца на трэцім курсе Вышэйшай школы эканомікі ў Паўднёвай Карэі, свабодна размаўляе па-французску і па-англійску. А малодшага сына Яўген хоча таксама аддаць у веласіпедны спорт, да свайго першага трэнера — 73-гадовага Уладзіміра Ціхонава.
У размове з дзяржаўным тэлеканалам былы прафесійны веласіпедыст таксама падзяліўся, што ў Беларусі ёсць таленавітыя маладыя спартсмены, але ўзнікаюць праблемы з візамі для ўдзелу ў міжнародных гонках або з падпісаннем замежных кантрактаў. Як прыклад ён назваў 17-гадовага Мікіту Бобовіча і 18-гадовага Ілью Слесарэнку, а таксама жыхарку Брэста Ангеліну Шастак — дзяўчыну, якая сёлета ўзяла золата на чэмпіянаце свету на трэку сярод юніёраў да 18 гадоў і ўстанавіла сусветны рэкорд у гіце (індывідуальнай гонцы) на 1 км, пераадолеўшы гэтую дыстанцыю за 1 хвіліну 6,893 секунды.
Таксама, на думку Яўгена, для добрых вынікаў краіне цяпер варта было б узмацніць трэнерскі склад, пакуль жа шмат беларускіх прафесійных трэнераў працуе за мяжой.