Гродзенскую вобласць хочуць запоўніць працоўнымі мігрантамі з Таджыкістана
6- 26.10.2026, 18:36
Улады шукаюць работнікаў больш чым для дзесяці прадпрыемстваў рэгіёна.
У Гродзенскай вобласці плануюць працаўладкаваць грамадзян Таджыкістана. Пра гэта паведаміла Міністэрства працы, міграцыі і занятасці гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны, адзначыла выданне «Позірк».
Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту ў Гродзенскую вобласць прадстаўнікоў таджыкскага агенцтва па працаўладкаванні за мяжой.
Таджыкам прапануюць працу ў больш чым дзесяці кампаніях рэгіёна. Вакансіі ёсць у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, тэкстыльнай і цяжкай прамысловасці, сферы паслуг і на транспарце.
Сярод арганізацый, дзе плануюць працаўладкоўваць грамадзян Таджыкістана, названыя «Гронитекс», «Белкард», агракамбінат «Скідзельскі», «Гроднопромстрой», «Гроднооблавтотранс», «Цветлит», аўтобусны парк Гродна і птушкафабрыка «Гродна». Таксама абмяркоўвалася магчымасць працы ў фермерскіх гаспадарках і на прадпрыемстве «Гродзенскі сад».
Заробак мігрантаў, паводле паведамлення таджыкскага ведамства, складзе ад 750 да 1200 долараў у месяц. Працадаўцы абавязуюцца забяспечыць работнікаў жыллём, часткова — харчаваннем, а таксама спецвопраткай.
Асноўныя патрабаванні да кандыдатаў — валоданне рускай мовай, адсутнасць судзімасці і добры стан здароўя.
Прадстаўнікі таджыкскага агенцтва таксама наведалі аўтобусны парк у Гродне, дзе ўжо працуюць грамадзяне Таджыкістана.
Тым часам у Беларусі працягвае павялічвацца колькасць вакансій для замежных грамадзян. Паводле даных дзяржаўнай службы занятасці, на 26 кастрычніка на яе партале было размешчана 17 992 такія вакансіі. Для параўнання: 23 кастрычніка іх налічвалася 17 894, 15 кастрычніка — 16 779, а 4 кастрычніка — 16 596.