26 кастрычнiка 2026, панядзелак, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы раскрылі падрабязнасці справы агента КДБ, якога абмянялі на Пачобута

У Польшчы раскрылі падрабязнасці справы агента КДБ, якога абмянялі на Пачобута

Былы намеснік дырэктара малдаўскай спецслужбы працаваў над стварэннем шпіёнскай сеткі ў Еўропе.

28 красавіка 2026 года на польска-беларускай мяжы адбыўся абмен зняволенымі па формуле «пяць на пяць». Сярод перададзеных Беларусі апынуліся таксіст з Беластока і былы намеснік кіраўніка малдаўскай спецслужбы, якіх звязваюць з дзейнасцю беларускага КДБ.

Тыя ж трое афіцэраў беларускага КДБ, той жа жылы комплекс у Будапешце і два агенты з розных краін. Журналісты праграмы «Спецыяльны рэпартаж» польскага тэлеканала TVP высветлілі падрабязнасці дзейнасці беларускіх агентаў і раскрываюць дэталі аперацый КДБ у Польшчы і Еўропе, піша TVP.

Тут беларускі КДБ арганізоўваў сустрэчы са сваімі агентамі

Апартаменты NovaCity на вуліцы Szövetség, 27 знаходзяцца ў самым цэнтры старога яўрэйскага раёна Эржэбетвараж у Будапешце. Менавіта тут, у непрыкметнай кватэры за некалькі крокаў ад папулярнай у турыстаў і блогераў кавярні New York Café, беларускі КДБ арганізоўваў сустрэчы са сваімі агентамі.

Журналісты высветлілі падрабязнасці і абставіны сустрэч, якія праводзілі афіцэры Упраўлення знешняй выведкі КДБ.

У маі 2024 года былы намеснік кіраўніка малдаўскіх спецслужбаў Аляксандру Балан сустрэўся з чатырма афіцэрамі ў кватэры на вуліцы Király, якую ён зняў па падробленых даных.

Дзевяць месяцаў пазней, 11 і 12 лютага 2025 года, менш чым за 500 метраў ад гэтага месца, у комплексе NovaCity таксіста з Беластока Уладзіслава Надзейку чакалі Уладзімір Варажбітаў, які прадставіўся яму як «Юрэвіч», Уладзімір Ярмак і Павел Давыдовіч.

Яшчэ адна сустрэча адбылася праз два месяцы. У той жа комплекс пасяліўся і Аляксандру Балан. З матэрыялаў справы, з якімі пазнаёміліся журналісты, вынікае, што адрас сустрэчы беларусы перадалі яму па зашыфраваным канале. У яго тэлефоне няма слядоў пошуку жылля: ён адразу ўвёў у пошукавіку адрас «Szövetség 27» і забраніраваў кватэру на фальшывае імя «Алекс Белан».

«Містэр Ніхто»

Уладзіслаў Надзейка прыехаў у Беласток з Гродна разам з хваляй беларускіх эмігрантаў пасля жорсткага падаўлення пратэстаў 2020 года.

— У яго была легенда беднага таксіста. Было відаць, што ён увогуле не працуе, — распавядае інфарматарка, якая добра яго ведала.

Яна пералічвае ягоныя выдаткі: арэнда аўтамабіля — 3200 злотых у месяц, жыллё — яшчэ 3000 злотых. Акрамя таго, кожны вечар ён піў алкаголь, якім, паводле яе слоў, злоўжываў.

— Ён казаў, што раней зарабляў на кантрабандзе і грошай яму хопіць да канца жыцця, — распавядае жанчына.

Бывала, што ён надоўга знікаў?

— Ён ездзіў у Венгрыю. Нават купіў для гэтага аўтамабіль. Купіў яго ў снежні 2024 года, а ўжо ў маі прадаў, — кажа інфарматарка.

Яна ўспамінае, што хутка пасля таго, як спыніла з ім зносіны, супрацоўнікі КДБ прыйшлі да яе бацькі, які жыве ў Беларусі. Яны ведалі ўсё пра яе апазіцыйную дзейнасць у Польшчы.

Надзейка хутка зблізіўся з Pospolite Ruszenie — ваенізаванай арганізацыяй беларускіх эмігрантаў, якая рыхтавалася на выпадак паўтору пратэстаў у Беларусі.

Беларуская прапаганда паказвала скрадзеныя запісы з трэніровак і раскрывала асобы ўдзельнікаў. Паводле даных журналістаў, менавіта Надзейка перадаваў КДБ іх прозвішчы.

Дзіма, інструктар па ваеннай тактыцы, узгадвае, што падчас адной з трэніровак да яго падышоў Надзейка.

— Я сказаў: «Мы ўсё пра вас ведаем, яшчэ ўважліва вас правяраем. Калі нешта высветліцца, я асабіста вас застрэлю». І гэта спрацавала, — распавядае Дзіма.

Надзейка прызнаўся, што ў мінулым супрацоўнічаў з КДБ.

— Ён казаў, што падпісваў дакументы, але цяпер ужо з імі не супрацоўнічае, бо жыве ў Польшчы, — дадае інструктар.

— Калі ён прызнаўся, што супрацоўнічаў з КДБ, вас гэта не насцярожыла?

— Я думаў, што яго яшчэ раз правераць, бо за бяспеку адказваюць іншыя людзі.

Паводле неафіцыйных даных журналістаў, перад пачаткам навучання Надзейка таксама прайшоў праверку на паліграфе, аднак яе вынік аказаўся неадназначным.

Пасля красавіцкага абмену беларуская прапаганда паказала, як намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ сустракае Надзейку з кветкамі.

— Мы працягваем працаваць. Усё будзе добра, — кажа ўсміхнёны Надзейка на камеру.

Журналістам удалося адшукаць Telegram-акаўнт, якім Надзейка карыстаецца і цяпер. Ён падпісваецца як «Mr. Nobody», што значыць «Містэр Ніхто». На паведамленні журналістаў ён не адказаў.

Журналісты высветлілі, што пасля затрымання Надзейку дапытвалі ў Польшчы ў межах расследавання, якое праводзіла румынская пракуратура. У сваіх паказаннях ён апісаў сустрэчы ў Будапешце 11 і 12 лютага 2025 года. Аператыўнага куратара яму прадставілі як «Юрэвіча».

Паводле звестак пракурораў, пасля сустрэч Надзейка, як пазней і Балан, атрымаў аплату ў еўра. У сваіх паказаннях ён сцвярджаў, што з Баланам не знаёмы.

Агент дзвюх разведак

Аляксандру Балан — чалавек зусім іншага ўзроўню, чым Надзейка. Ён кіраваў контрразведкай, а з 2016 па 2019 год займаў пасаду намесніка дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы (SIS).

Балан супрацоўнічаў з румынскімі спецслужбамі і меў доступ да цалкам сакрэтнай інфармацыі. Ён таксама меў румынскае грамадзянства, таму яго вышуквала спецыяльнае падраздзяленне пракуратуры па барацьбе з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю DIICOT.

— Ідзе гаворка пра злачынствы, звязаныя з дзяржаўнай здрадай і незаконным захоўваннем дакументаў, што складаюць дзяржаўную таямніцу. Маштаб шкоды цяжка ацаніць, — кажа пракурор, які кіруе расследаваннем.

Першая дакументальна пацверджаная сустрэча адбылася 20 мая 2024 года. Балан прыляцеў з Таліна праз Варшаву і зняў праз Airbnb кватэру на вуліцы Király.

Ён указаў падробленыя даныя: месцам нараджэння назваў «Варсом», а датай нараджэння — дзень выдачы яму румынскага пасведчання асобы. Падчас васьмігадзіннай сустрэчы Балан не адказаў ні на адно з 236 апавяшчэнняў, што паступілі на яго тэлефон.

У абвінаваўчым заключэнні сустрэчы ў Будапешце адноўленыя практычна памінутна.

9 красавіка 2025 года а 11:17 Уладзімір Варажбітаў адзін увайшоў у будынак на вуліцы Szövetség, 27. Ён выйшаў адтуль а 22:30. Два іншыя афіцэры чакалі яго ў гасцініцы, а апоўдні прынеслі яму ежу навынос.

Увесь гэты час Балан амаль не дакранаўся да тэлефона: ён праігнараваў 512 апавяшчэнняў з мэсанджараў і адкрыў толькі адну спасылку. На наступны дзень сустрэча працягвалася яшчэ шэсць гадзін.

Раніцай перад другой сустрэчай Балан абышоў 11 абменных пунктаў. У некаторых з іх ён па некалькі хвілін уважліва назіраў за мінакамі і наваколлем.

Ён абмяняў 1500 еўра купюрамі па 100 на банкноты наміналам 200 і 500 еўра, а на наступны дзень — яшчэ 1400 еўра.

Прокуроры лічаць, што такім чынам ён пазбаўляўся ад купюр, атрыманых ад КДБ, якія маглі мець спецыяльныя пазнакі. Пазней Балан сцвярджаў на допытах, што мяняў малдаўскія леі. У 2025 годзе ён не меў афіцыйнай працы.

З Будапешта ён вылецеў у Брусель, а адтуль — у Кракаў. Пасля сустрэчы ў 2024 годзе ён таксама ляцеў у Кракаў, але праз Тырану.

Квіткі яму купляў пасярэднік — былы супрацоўнік малдаўскіх спецслужбаў. Балан пісаў яму, што хоча ляцець у Польшчу, пажадана ў Жэшув.

— Гэта быў адзін з найлепшых аператыўных агентаў. Ён папрасіў квіток — і ўсё, — распавядае пасярэднік.

Ён сцвярджае, што не ведаў пра кантакты Балана з КДБ.

Справаздачы ў чарнавіках

Акрамя асабістых сустрэч, Балан сувязваўся з КДБ праз электронныя паштовыя скрыні, да якіх мелі доступ і ён сам, і супрацоўнікі КДБ.

Паведамленні захоўваліся як чарнавікі, але ніколі не адпраўляліся. Беларускія спецслужбы разлічвалі, што дзякуючы гэтаму перапіску немагчыма будзе перахапіць.

Падчас вобшуку на дыску Балана следчыя знайшлі нават указанне выкарыстоўваць менавіта гэты метад.

У ліпені 2025 года, праз тры месяцы пасля сустрэч у Будапешце, Балан напісаў на рускай мове шэсць разведвальных справаздач.

У іх ён апісваў размовы з крыніцамі, галоўным чынам ва Украіне — вайскоўцамі і, верагодна, супрацоўнікамі СБУ. Яны фігуравалі пад кодаўнымі імёнамі «Каўказчык», «Карумпаваны», «Блогер» і «Прадстаўнік лесу».

Балан быў затрыманы ў аэрапорце Цімішоары 8 верасня 2025 года.

Праз некалькі гадзін, калі гэтая інфармацыя з’явілася на першых палосах румынскіх СМІ, нехта ўвайшоў у паштовую скрыню, якая выкарыстоўвалася для перадачы інфармацыі КДБ, з IP-адраса беларускага аператара «Белтэлекам» і выдаліў яе.

У кватэрах Балана ў Кішынёве канфіскавалі некалькі дзясяткаў тэлефонаў і дыскаў. Частка з іх знаходзілася ў так званай клетцы Фарадэя — яе выкарыстоўваюць, у прыватнасці, для абароны электронікі, блакіроўкі сувязі тэлефонаў і прадухілення праслухоўвання.

На дысках знаходзіліся 14 дакументаў малдаўскіх спецслужбаў, у тым ліку запіска для ЦРУ пра сустрэчу з афіцэрам расійскага ГРУ, а таксама цалкам сакрэтныя дакументы румынскай разведкі і SRI. У адным з іх былі ўказаныя прозвішчы дзеючых супрацоўнікаў спецслужбаў.

Там жа знаходзіўся файл «mutre 2013» — па-румынску «твары» — з подпісам «Супрацоўнікі SRI Яссы» і сям’ю фотаздымкамі. Паводле даных румынскай разведкі SRI, Балан ведае асобы гэтых людзей, а іх раскрыццё КДБ пагражае бяспецы Румыніі.

Служба таксама сцвярджае, што Балан «дзейнічаў з мэтай стварэння агентурнай сеткі» КДБ.

Самога затрымання ён не чакаў.

— Ён быў вельмі здзіўлены, — распавядаюць следчыя.

Балан усё адмаўляў, у тым ліку знаёмства з афіцэрамі КДБ. Яму прад’явілі абвінавачанні ў замаху на дзяржаўную здраду і разгалошванні таямніцы, якая пагражае бяспецы дзяржавы.

Афіцэры КДБ

У абвінаваўчым заключэнні названыя чатыры афіцэры КДБ, з якімі сустракаўся Балан.

Паводле даных журналістаў, трое з іх прыязджалі ў Будапешт на сустрэчы з Надзейкам.

- Уладзімір Варажбітаў, псеўданім «Юрэвіч», — аператыўны куратар. На працягу многіх гадоў дзейнічаў пад дыпламатычным прыкрыццём, у тым ліку пры ААН у Нью-Ёрку.

- Уладзімір Ярмак — забяспечваў бяспеку сустрэч. Раней займаў пасаду саветніка пасольства Беларусі ў Празе.

- Мікалай Дукшта — саветнік пасольства Беларусі ў Празе і кіроўца групы. У 2024 годзе афіцыйна прадставіўся чэшскім уладам як прадстаўнік КДБ. Пазней яго выслалі з краіны за шпіянаж.

Афіцэры перасоўваліся на шэрым Hyundai Tucson з чэшскімі дыпламатычнымі нумарамі.

Перад сустрэчай Дукшта ехаў з Прагі да польска-чэшскага памежнага пераходу Zawidów—Habartice.

На наступны дзень афіцэры ўязджалі з Польшчы ў Чэхію, а затым праз Славакію накіроўваліся ў Венгрыю.

Пасля вяртання яны начавалі ў пражскім гатэлі Mama Shelter, а потым зноў ехалі ў Завідуў, адкуль Дукшта адзін вяртаўся ў Прагу.

Тым жа маршрутам агенты праехалі ў лютым перад сустрэчай з Надзейкам і ў красавіку перад сустрэчай з Баланам.

Абмен «як у Хічкока»

У Белавежы Польшча перадала Беларусі пяцярых чалавек: Аляксандра Бутягіна, Аляксандру Балана, Ніну Папову, Ануара Бакібая і Уладзіслава Надзейку.

Абмен адбываўся па формуле «пяць на пяць».

Пазней Балан падзякаваў у эфіры беларускага тэлебачання Беларусь і яе прэзідэнта за «пратягнутую руку дапамогі».

Адзін з перададзеных Беларусі — Ануар Бакібай, маёр казахстанскай ваеннай разведкі, які дзейнічаў пад дыпламатычным прыкрыццём.

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала яго ў ліпені 2025 года.

— Яго разведвальная дзейнасць была скіраваная на ваенныя ўстановы, — кажа пракурор Артур Казноўскі з створанай у снежні 2025 года групы па расследаванні шпіянажу, дыверсій і сабатажу.

Паводле даных журналістаў, ішлося пра Быдгашч, дзе размешчаныя стратэгічныя цэнтры НАТА.

Бакібай спрабаваў завербаваць украінскага палкоўніка, які працаваў у структурах альянсу. Ён прапаноўваў яму некалькі тысяч долараў, псеўданім «Француз» і акуляры для фатаграфавання сакрэтных дакументаў.

Супрацоўнік контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, які непасрэдна ўдзельнічаў у аперацыі па абмене шпіёнамі, кажа, што самым складаным з’яўляецца момант перадачы.

— Да апошняй хвіліны невядома, ці пройдзе ўсё паводле сцэнараю. З непрадказальным да канца праціўнікам трэба мець варыянты B, C і нават далей паводле алфавіту, — кажа ён.

Ён параўноўвае абмен з фільмамі Хічкока: напружанне захоўваецца з першай да апошняй хвіліны.

Паводле яго слоў, такія абмены адбываюцца на піку шпіянажных пагроз, калі актыўнасць замежных спецслужбаў дасягае максімуму.

З 2022 года ў Польшчы ў першую чаргу дзейнічаюць расійскія і беларускія спецслужбы, а таксама спецслужбы дзяржаў, саюзных Расіі.

Ён адзначае, што пасля 2022 года да метадаў працы замежных разведак, акрамя класічнай вербоўкі варожымі спецслужбамі, дадаліся дыверсіі і аперацыі, мэтай якіх з’яўляецца фізічнае ліквідаванне канкрэтных людзей.

— Гэта чарговы этап халоднай вайны. Падобныя дзеянні назіраліся ў заходніх краінах да 1989 года, — кажа супрацоўнік польскай контрразведкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲