Група былых беларускіх палітвязняў звярнулася да еўрапейскіх палітыкаў
- 26.10.2026, 10:56
Яны патрабуюць дапамагчы спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.
Частка былых беларускіх палітвязняў звярнулася да еўрапейскіх палітыкаў з заклікам дапамагчы вызваліць вязняў сумлення і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Падаем тэкст (звароту):
— Мы былыя беларускія палітвязні. Мы правялі гады ў СІЗА, калоніях і турмах за свае погляды, за ўдзел у мірных акцыях, за працу журналіста, юрыста, лекара, настаўніка, за адзін каментар ці рэпост. Мы пішам вам не як палітыкі і не як эксперты. Мы пішам як людзі, якія ведаюць, што адбываецца за турэмнай сцяной.
Мы ведаем, што такое холад карцэра і адмаўленне ў медыцынскай дапамозе. Мы ведаем, што такое пазбаўленне перапіскі і спатканняў, гады без права на званок, ціск на блізкіх і невядомасць, калі не разумееш, ці памятае пра цябе хто-небудзь. Мы ведаем, што за кратамі людзей трымае адно: упэўненасць, што звонку не адвярнуліся, што пра іх гавораць і што іх лёсам нехта займаецца.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў па колькасці палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі іх каля 900, пры гэтым рэальная колькасць можа быць значна большай. Кожны дзень за кратамі забірае ў іх здароўе, а ў іх блізкіх — надзею.
За сухімі лічбамі — рэальныя чалавечыя жыцці, драмы і трагедыі. Дзевяць чалавек ужо памерлі ў беларускай турме.
У многіх рэзка пагоршылася здароўе. Грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка асляп, пенсіянерка Вольга Маёрава таксама рызыкуе цалкам страціць зрок, між тым суд прызначыў ёй пакаранне тэрмінам дваццаць адзін з паловай года! У Аксаны Шаляпінай, Таццяны Колас і Сяргея Кабарчука за кратамі дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Некалькі палітвязняў перанеслі інсульт.
Шмат хто правёў за кратамі ўжо пяць, а то і шэсць гадоў. Сярод іх — 71‑гадовая Ірына Мельхер. У яе велізарныя праблемы са здароўем, яе прысуд — 17 гадоў пазбаўлення волі! Эдуард Бабарыка, сын удзельніка выбарчай кампаніі 2020 года Віктара Бабарыкі, знаходзіцца ў турме ўжо шэсць з паловай года.
Маці гадамі не бачаць сваіх дзяцей. Ганну Карнеенку затрымалі, калі яна яшчэ карміла грудзьмі свайго пяцімесячнага сынка. Цяпер яму ўжо чатыры гады, і яго гадуе чужая жанчына. Многія сядзяць цэлымі сем’ямі: па двое, трое, а то і пяцёра чалавек.
Тысячы людзей працягваюць адбываць пакаранне ў выглядзе хатняй «хіміі», яшчэ тысячы жывуць у пастаянным страху быць затрыманымі. Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца: штодня мы даведваемся пра новыя палітычна матываваныя затрыманні і прысуды.
Заклікаем вас прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці гэтаму канец.
Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Ніводная палітычная мэта не вартая здароўя і жыцця людзей. Мы верым, што для вас гэта не проста высокія словы.
Мы звяртаемся да вас з просьбай, якая падаецца нам відавочнай і першараднай.
Мы заклікаем Еўрапейскі саюз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі. Мы просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перагаворныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганні будуць паслядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленне людзей стане пастаянным пунктам павесткі ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю.
Мы ўдзячныя амерыканскаму боку за тое, што дзякуючы іх дыпламатычным намаганням сотні чалавек ужо выйшлі на волю. Але лічым, што Еўрасаюз у гэтым пытанні павінен заняць больш актыўную пазіцыю. Бо Беларусь — гэта частка Еўропы. Гэта ваш сусед.
Група экс-палітвязняў вылучае некалькі пунктаў:
— Вызваленне павінна быць часткай устойлівага рашэння, а не разавым эпізодам. Людзі, якія выходзяць на волю, не павінны апынацца ў вымушанай эміграцыі без права вяртання, а тыя, хто застаецца, не павінны жыць пад пагрозай новага арышту. Пакуль затрымліваюць новых людзей, вызваленні не вырашаюць праблему. Трэба дамагацца спынення палітычна матываваных пераследаў.
Дыялог пра людзей і каштоўнасці павінен весціся разам з беларускім грамадствам. Мы заклікаем ЕС слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх вопыт пры выпрацоўцы рашэнняў.
Мы не бярэм на сябе ролю суддзяў у пытаннях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаванні сярод беларусаў аб тым, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэннем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэнні аб будучыні адносін з Беларуссю, і зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі.
Мы гатовыя сустрэцца з вамі, распавесці пра тое, што перажылі, і падзяліцца тым, што ведаем пра становішча зняволеных. Мы гатовыя максімальна садзейнічаць таму, каб як мага хутчэй вярнуць свабоду тым, хто застаецца за кратамі.
З надзеяй на ваш удзел і адказнасць.
Пад лістом паставілі подпісы: Людміла Чэкіна, Марфа Рабкова, Наста Лойка, Ірына Слаўнікава, Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Ірына Злобіна, Андрэй Аляксандраў, Таццяна Кузіна, Міхаіл Лабань, Алена Маліноўская, Дар'я Афанасьева, Анастасія Кухта, Анастасія Лазарэнка, Валерыя Чарнаморцава, Ганна Папай, Аляксей Шчытнікаў, Генадзь Смірнаў, Дзмітрый Семчанка, Дзяніс Хахлоў, Дзмітрый Бенчук, Наталля Шараметава, Алана Гебрэмарыям, Вольга Мацкевіч, Кацярына Мендрык, Вячаслаў Смірнаў, Міхаіл Лапенас, Кірыл Пазняк, Надзея Калач, Уладзімір Калач, Таццяна Курыліна, Таццяна Стэпа, Паліна Палоўінка, Дзмітрый Лукша, Кірыл Казей, Ігар Сацюк, Людміла Волкава, Юлія Лаптановіч, Ігар Лаптановіч, Ігар Карней, Вольга Паўлова, Вольга Лойка, Ала Шарко, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Жыльская, Кацярына Леў, Праташчык Карына, Павел Шпетны, Алена Гнаўк, Таццяна Купчына, Ганна Пышнік, Наталля Малец, Наталля Васілевіч, Таццяна Гацура-Яворская, Анастасія Ганчарэвіч, Аляксей Богдзей, Аляксей Азарко, Кацярына Хулхачыева, Аляксандр Біруля, Таццяна Біруля, Сяргей Вайцюк, Мікіта Літвіненка, Сяргей Салоха, Віталь Бандарук, Віктар Бабарыка, Вольга Гарбунава, Аляксандр Андрушкевіч, Кацярына Северын, Уладзімір Северын, Ларыса Шчыракова, Мікіта Залатароў, Ксенія Сыромалот, Дар'я Чульцова.