Трамп хоча бачыць Орбана на чале ААН
12- 26.10.2026, 11:16
Ідэю падтрымалі Расія і Кітай.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прапанавала былому прэм’ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану уступіць у гонку за пасаду генеральнага сакратара ААН, паведамілі The Wall Street Journal (WSJ) крыніцы ў трох краінах. Прадстаўнік Дзярждэпартамента адзначыў, што па выніках папярэдніх перамоваў Расія і Кітай падтрымалі ідэю амерыканскай адміністрацыі. У выніку Орбан «без асаблівых цяжкасцей» можа атрымаць восем галасоў у Савеце Бяспекі ААН, падкрэсліў суразмоўца выдання. Пры гэтым ён лічыць «дасягальнымі» і дзесяць галасоў з 15.
Прадстаўнік ЗША назваў Орбана «кандыдатам мары» для амерыканскіх кансерватараў, бо ён выступаў супраць масавай міграцыі, ліберальных недзяржаўных арганізацый, а таксама судоў і прэсы левых поглядаў. Паводле WSJ, амерыканскія чыноўнікі звязваліся з Орбанам, каб высветліць, ці зацікаўлены ён у пасадзе генсека ААН. Палітык заявіў, што гатовы разгледзець гэтае прапанаванне, але не мае намеру вылучаць сваю кандыдатуру, калі не будзе ўпэўнены ў перамозе. Ад каментарыяў для WSJ ён адмовіўся.
Тэрмін паўнамоцтваў дзеючага Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша заканчваецца 31 снежня. Новы кіраўнік сусветнай арганізацыі павінен уступіць на пасаду 1 студзеня 2027 года. Кандыдатуру павінен рэкамендаваць Савет Бяспекі, пасля чаго прызначэнне неабходна зацвердзіць на Генеральнай Асамблеі ААН. Пры гэтым любы з пяці пастаянных членаў Савета Бяспекі — Расія, ЗША, Кітай, Вялікабрытанія і Францыя — можа заблакіраваць кандыдатуру.
Ні адзін з цяперашніх сямі кандыдатаў на пасаду генсека пакуль не заручыўся падтрымкай усіх пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія маюць права вета. Сярод іх кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі і кіраўніца гандлёвага падраздзялення ААН Рэбека Грынспан.
Орбан займаў пасаду прэм’ер-міністра Венгрыі 16 гадоў. Перад парламенцкімі выбарамі ў краіне, якія адбыліся 12 красавіка 2026 года, адміністрацыя Трампа падтрымала Орбана, але ў выніку яго партыя «Фідэс» прайграла. Большасць месцаў у парламенце атрымала партыя «Ціса», а яе лідар Пэтер Мадзяр узначаліў урад. Як адзначае WSJ, у выпадку абрання Орбана на пасаду генсека ААН ён можа стаць абаронцам Уладзіміра Пуціна і іншых аўтарытарных лідараў.