У Санкт-Пецярбургу і ў вобласці амаль цалкам знік дызель
- 25.10.2026, 22:55
Пуцін пакінуў родны горад без паліва дзеля паставак Трампу.
Пакуль расійскія ўлады сцвярджаюць, што могуць паставіць любыя аб’ёмы дызельнага паліва, прадугледжаныя на экспарт, у межах нядаўна заключанай здзелкі аб пастаўках у ЗША, у самой Расіі мацнее паліўны крызіс, што прызнаюць нават СМІ РФ, піша Dialog.UA.
Расійскае агенцтва «Росбалт» апублікавала 25 кастрычніка матэрыял з загалоўкам «Сухія калонкі і ліміты ў бак: што адбываецца на запраўках Пецярбурга», у якім распавядаецца пра дэфіцыт паліва ў Санкт-Пецярбургу (родным горадзе расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна) і Ленінградскай вобласці. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што недахоп саляркі ў рэгіёне адчуваецца яшчэ больш востра, чым дэфіцыт бензіну.
«Дэфіцыт саляркі ў Ленінградскай вобласці і на ўскраінах Пецярбурга адчуваецца больш востра за бензін — зімовае і летняе ДТ пацверджана толькі на 62% АЗС рэгіёна», — гаворыцца ў матэрыяле.
Асабліва церпяць прыватныя і кантэйнерныя запраўкі, бо ў прыярытэце пастаўкі такім сеткавым гігантам, як «Раснафта» і «Газпрам нафта».
На тых АЗС, дзе паліва з’яўляецца, адразу пачынаюць скапляцца аўтамабілі. У Санкт-Пецярбургу і ў вобласці дзейнічаюць ліміты на продаж паліва ў адныя рукі.
Матэрыял «Росбалта» пракаментаваў эканамічны аглядальнік Станімір Дабрэў, які адзначыў, што ў РФ не было аб’ёмаў дызпаліва, якія дазвалялі б пастаўляць яго на экспарт.
«У Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці дэфіцыт дызельнага паліва горшы, чым дэфіцыт бензіну! Такія навіны з’явіліся сёння пасля таго, як Расія адправіла ў ЗША 3 танкеры з дызельным палівам. У Расіі не было лішку дызельнага паліва ўнутры краіны для ажыццяўлення экспарту», — напісаў ён на сваёй старонцы ў X.
Тым часам расійскі віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак заявіў у нядзелю, што Расія гатовая паставіць ЗША любы аб’ём дызпаліва, падрыхтаванага на экспарт.