Махляры выманілі ў выкладчыка $40 тысяч
6- 18.10.2026, 19:45
- 2,004
Спыніць іх дапамог шчаслівы выпадак.
На пачатку кастрычніка стала вядома, што ў Беларусі затрымалі 19 чалавек, якія былі кур'ерамі тэлефонных махляроў. Выданне «На страже» піша, што падчас вобшукаў па гэтай справе канфіскавалі каля некалькіх сотняў тысяч долараў у эквіваленце. На прыкладзе выкладчыка, які страціў больш за 40 тысяч долараў, сілавікі распавялі, як дзейнічалі махляры.
Па словах Паўла Строка, начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Міншчыны, ашуканы мужчына працуе выкладчыкам у адной з вучэбных устаноў краіны. На «кручок» махляроў ён трапіў пасля званка ў мэсэнджары. Першай з пацярпелым звязалася псеўдасупрацоўніца «Белпошты». Яна заявіла, што яму прыйшоў ліст з падатковай, а таксама выведала ў пацярпелага асабістыя звесткі, уключна з SMS-кодам, што прыйшоў.
Неўзабаве з выкладчыкам звязалася новая ўдзельніца падману. Яна прадставілася супрацоўніцай міліцыі і паведаміла, што з-за ўцечкі дадзеных ад імя мужчыны зроблены пераказ чалавеку ў вышуку. З-за гэтага яго цяпер нібыта падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Яна напалохала яго вобшукам і канфіскацыяй недэклараваных зберажэнняў. У выніку, тлумачыць Павел Строк, у ахвяры стварылі ілюзію безвыходнасці і пераканалі тэрмінова «абнуліць» сямейныя рахункі, а таксама аформіць максімальныя крэдыты для «выратавання» фінансаў.
Далей у справу ўступіла фэйкавая супрацоўніца банка, якая пачала каардынаваць дзеянні напалоханага мужчыны. Выконваючы яе інструкцыі, пацярпелы аформіў два крэдыты на сумы больш за 25 і 32 тысячы рублёў. Прыехаў у Мінск, абнаявіў іх і абмяняў на долары, а затым пакінуў пакет з грашыма на прыпынку ў Мачулішчах — гарадскім пасёлку Мінскага раёна.
Праз тры дні па той жа схеме ён узяў яшчэ два займы па 25 тысяч рублёў, дадаў да іх асабістыя назапашванні, зберажэнні бабулі. Сабраную суму зноў абмяняў на долары і адвёз у Мінскі раён яшчэ звыш 13 тысяч долараў.
На гэтым махляры не спыніліся. Яны зноў звязаліся з выкладчыкам і паведамілі, што «задэклараваных» грошай не хапае, каб пакрыць «шкоду». Махляры ўгаварылі яго пазычыць у знаёмага яшчэ 10 тысяч долараў і закапаць іх у лісці пад дрэвам.
Спыніць гэты канвеер падману дапамог выпадак. Выкладчык ехаў на таксі, каб сустрэцца з «супрацоўнікам» КДБ і паставіць кропку ў сваёй справе. У салоне грала радыё. У эфіры прагучала папярэджанне, што міліцыя ніколі не тэлефануе грамадзянам праз мэсэнджары. Гэтыя словы далі зразумець выкладчыку, што яго падманваюць, і ён патэлефанаваў на 102.