Пляжныя фота Леанарда Ды Капрыа выклікалі дыскусію пра здароўе
11- 18.10.2026, 14:59
- 3,898
Патрэбны фітнес.
Нядаўнія фатаграфіі Леанарда Ды Капрыа з пляжу зноў выклікалі дыскусію пра так званы «таткаў жывот» і паставілі пытанне, ці можа невялікі лішак тлушчу ў вобласці таліі ўяўляць схаваную пагрозу для здароўя, піша Fox News.
«Таткаў жывот» — гэта папулярны выраз, які звычайна выкарыстоўваюць для апісання такога тыпу целаскладу ў мужчын сярэдняга ўзросту, для якога ўласцівыя мяккі жывоцік, адсутнасць «кубікаў» прэса і ўмераная фізічная форма.
Тым часам медыкі клінікі Клівленда (ЗША) адзначаюць, што па знешнім выглядзе нельга дакладна вызначыць стан здароўя чалавека. Тлушч у вобласці жывата ўключае два тыпы: падскурны, які знаходзіцца непасрэдна пад скурай, і вісцэральны, які назапашваецца вакол унутраных органаў. Менавіта лішак вісцэральнага тлушчу звязаны з падвышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, дыябету другога тыпу і іншых праблем са здароўем.
Пра тое, як зменшыць колькасць тлушчу ў арганізме і тым самым знізіць звязаныя з ім рызыкі, распавёў у размове з Fox News персанальны трэнер з Нью-Ёрка Марфрэд Суасо. Ён вызначае «таткаў жывот» як страту цягліцавага тонусу, павелічэнне акружнасці таліі і змяншэнне цягліцавай масы. Адзначаецца, што Суасо не працаваў з Леанардам Ды Капрыа, яго рэкамендацыі тычацца агульных прынцыпаў зніжэння тлушчавай масы, а не стану здароўя акцёра.
Паводле слоў трэнера, павелічэнне аб’ёму таліі і назапашванне тлушчу могуць быць звязаныя са зменамі ў паўсядзённых звычках: несбалансаваным харчаваннем і зніжэннем фізічнай актыўнасці.
— Магчыма, вы сталі менш дысцыплінавана харчавацца, менш рухацца і праходзіць менш крокаў у дзень. Як правіла, вы спажываеце больш ежы і напояў, чым траціце энергіі на рух. У выніку арганізм пачынае гэта адлюстроўваць, — патлумачыў Суасо.
Як зменшыць тлушч на жываце
На думку Суасо, пачынаць варта з харчавання. Важна сачыць за агульнай каларыйнасцю рацыёну і падтрымліваць баланс бялкоў, вугляводаў і тлушчаў.
Трэнер таксама рэкамендуе ўключыць у распарадак сілавыя трэніроўкі на ўсё цела два-тры разы на тыдзень. Сярод практыкаванняў, на якія ён раіць звярнуць увагу, — прысяданні, становая цяга на прамых нагах (падыманне штангі з падлогі з амаль прамымі нагамі), цягі для цягліц спіны, адцісканні і жым лежачы. Такія практыкаванні дапамагаюць развіваць сілу і падтрымліваць цягліцавую масу.
Акрамя таго, ён адзначае, што не менш важныя і кардыанагрузкі. Паводле рэкамендацый органаў аховы здароўя ЗША, дарослым варта прысвячаць не менш як 150 хвілін на тыдзень аэрабным практыкаванням умеранай інтэнсіўнасці або 75 хвілін — высокай.
Пры гэтым трэнер падкрэсліў, што адных практыкаванняў на прэс недастаткова, каб пазбавіцца ад тлушчу на жываце. Яны ўмацоўваюць цягліцы, але не дазваляюць спальваць тлушч выключна ў гэтай вобласці. Таму для дасягнення выніку патрэбны комплексны падыход, які ўключае збалансаванае харчаванне, сілавыя трэніроўкі і кардыанагрузкі, што дапамагаюць знізіць агульны працэнт тлушчу ў арганізме.
Суасо адзначыў, што першыя змены пры карэкціроўцы харчавання могуць стаць прыкметнымі ўжо праз некалькі тыдняў. Аднак вынікі залежаць ад рацыёну, узроўню фізічнай актыўнасці і зыходнага складу цела.