Сын супраць бацькі: як ідзе барацьба за ўладу ў Туркменістане
3- 18.10.2026, 14:49
- 3,902
Фота: Getty Images
У сям’і Бердымухамедавых разлад.
У кіроўным тандэме Туркменістана паміж бацькам і сынам Бердымухамедавымі зноў неспакойна. За чатыры гады пры ўладзе прэзідэнт-сын Сердар усё больш цесніць свайго бацьку і папярэдніка Гурбангулы, адхіляючы ад пасад яго стаўленікаў і сваякоў, піша Галія Ібрагімова на Carnegie Politika.
Публічна абодва дэманструюць адзінства, але відавочна, што бацька, які спачатку не планаваў перадаваць сыну ўсю паўнату ўлады, не гатовы мірыцца з яго нарастальнай самастойнасцю.
Узмацненне канкурэнцыі паміж імі можа стаць пагрозай стабільнасці рэжыму і паставіць пад сумнеў іх здольнасць захаваць уладу — тым больш, што дасталася яна ім шмат у чым выпадкова.
Аксамітная рэвалюцыя 2.0
Сердар атрымаў прэзідэнцкую пасаду па спадчыне яшчэ ў 2022‑м, але найбольшую кадравую чыстку за гады свайго прэзідэнцтва ён пачаў толькі цяпер. У цэлым туркменскіх высокапастаўленых чыноўнікаў складана дакладна падзяліць на «бацькавыя» і «сынавы» — многія з іх пачыналі кар’еру яшчэ пры Гурбангулы, а працягнулі ўжо ў часы Сердара.
Але за мінулыя месяцы назбіралася дастаткова сведчанняў таго, што галоўная мэта апошніх перастановак — пазбавіцца каманды бацькі, якую той пакінуў сыну, каб яна дапамагала яму асвоіцца ва ўладзе.
Сердар пачаў перастаноўкі з сілавога блока. З пасады міністра нацыянальнай бяспекі — галоўнага сілавога ведамства краіны і адной з найўплывовых структур у іерархіі ўлады — быў звольнены генерал-маёр Назар Атагараеў. Фармальнай прычынай стала карупцыя ў яго ведамстве.
Новым міністрам нацыянальнай бяспекі Сердар прызначыў Даўлетгельды Мерадава, які да таго кіраўнічаў яго асабістай аховай, а раней забяспечваў бяспеку бацькі-прэзідэнта. Мерадава заўсёды лічылі чалавекам Гурбангулы, таму яго прызначэнне многія ўспрынялі як знак таго, што бацька параіў сыну зрабіць на яго стаўку.
Аднак хутчэй гэта сведчыць пра тое, што Сердар не давярае кіраўніку бацькавай аховы і аддае перавагу бачыць на гэтай ключавой для туркменскай улады пасадзе свайго чалавека.
Сердар змяніў і кіраўніка памежнай службы. Гэта адно з ключавых сілавых ведамстваў, што адказвае не толькі за ахову дзяржаўнай мяжы, але і за бяспеку нафтагазавай інфраструктуры, ад бесперабойнай працы якой залежаць даходы краіны.
Месца дасьведчанага сілавіка, Язгельды Нурыева, прызначанага яшчэ пры Гурбангулы, заняў палкоўнік Іламан Іламанаў, прафесійны памежнік, які многія гады прапрацаваў у сістэме памежнай службы.
Паказальна, што цяперашняя кадравая чыстка не закранула Міністэрства ўнутраных спраў. Відаць, гэта звязана з тым, што яшчэ ў 2022 годзе, адразу пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта, Сердар прызначыў міністрам свайго чалавека — Мухамеда Хыдырава. За чатыры гады ён, здаецца, захаваў давер прэзідэнта.
Перастаноўкі адбыліся і ў энергетычным сектары — галоўнай крыніцы даходаў краіны. У адстаўку адправілі шматгадовага віцэ-прэм’ера, які адказваў за развіццё нафтагазавага комплексу, Батыра Аманава. Яго змяніў кіраўнік «Туркменнафты» Гуванч Агаджанаў, якога лічаць чалавекам Сердара. Пры гэтым ён захаваў за сабой і пасаду кіраўніка канцэрна.
Змены закранулі і рэгіянальныя эліты. Змяніліся кіраўнікі трох найбольшых велаятаў краіны — Марыйскага, Балканскага і Лебапскага, а крыху раней — кіраўнікі трох ключавых гарадоў: Туркменбашы, Туркменабата і Мары. Хоць Сердар пачаў змяняць рэгіянальных кіраўнікоў яшчэ ў першыя гады свайго прэзідэнцтва, такога маштабнага абнаўлення рэгіянальнай улады раней ён не праводзіў.
Акрамя таго, сваіх пасад пазбавіліся яшчэ два віцэ-прэм’еры: адзін курыраваў навуку, адукацыю, ахову здароўя і спорт, другі — транспартна-камунікацыйны комплекс. Звольнены таксама міністры аховы здароўя і культуры і шэраг іншых чыноўнікаў.
Аднавілася і выцісканне з улады сваякоў Гурбангулы, не звязаных наўпрост з Сердарам. Звольніўшы бацькаву сястру, Гульнабат Даўлетаву, Сердар ўзяўся за яе сына — свайго стрыечнага брата Батыра Даўлетава, уладальніка буйных участкаў камерцыйнай нерухомасці. У жніўні па асабістым распараджэнні прэзідэнта ў адным з раёнаў Ашгабата знеслі шэраг будынкаў, што належалі Даўлетаву.
Працягваецца і схаванае супрацьстаянне Сердара з яго роднай сястрой Огулджахан Атабаевай, якую бацька прасоўвае як палітыка.
Два гады таму Гурбангулы прызначыў яе віцэ-прэзідэнтам свайго дабрачыннага фонду. З таго часу яна пачала актыўна сустракацца з замежнымі палітыкамі і даваць інтэрв’ю замежным СМІ, паступова ператвараючыся ў падабенне першаю лэдзі. Такая публічнасць рэзка кантрасцавала з паводзінамі Сердара, які пазбягае журналістаў, і нарадзіла чуткі, што бацька трымае дачку пра запас — на выпадак, калі сын стане занадта самастойным.
Публічна Сердар захоўвае субардынацыю: ідзе па наказах бацькі, узнагароджвае сястру ордэнамі. Але паралельна прасоўвае сваю стаўленіцу — старшыню парламента, 36‑гадовую юрыстку Дуньягёзель Гулманаву. Як і сястра прэзідэнта, яна рэгулярна з’яўляецца ў замежных СМІ — і нязменна прасоўвае ініцыятывы Сердара. Менавіта ёй прэзідэнт давярае ўзначальваць парламенцкія дэлегацыі за мяжой і прымаць вярыцельныя граматы паслоў.
Прасоўванне Гулманавай тым больш паказальнае, што старшыня Меджліса — трэцяя асоба ў краіне ў фармальнай іерархіі пасля прэзідэнта і кіраўніка Халк Маслахаты, пасаду якога займае прэзідэнцкі бацька. Гэта значыць, пакуль Гурбангулы выводзіць на першы план дачку, Сердар ўзмацняе ўласную стаўленіцу, паказваючы, што таксама ўмее рабіць хады ў барацьбе за першынство ва ўладзе.
Узмацненне Сердара
Першапачаткова Сердара ўспрымалі як несамастойнага палітыка — чалавека без досведу, за якога ўсе рашэнні прымае бацька. Але ўжо ў першыя месяцы пасля ўступлення ў пасаду прэзідэнта ён пачаў асцярожна абнаўляць уласную каманду і пазбаўляцца бацькавых стаўленікаў.
Так пасады пазбавілася Гульнабат Даўлетава — родная сястра Гурбангулы, якая ўзначальвала Нацыянальнае таварыства Чырвонага Паўмесяца. Уплыў страцілі і пляменнікі Гурбангулы — Хаджымурад і Шамурат Рэджэпавы, што раней кантралявалі цэлыя сектары эканомікі.
Другая хваля адстаўкаў прыпала на 2024 год. Тады Сердар змяніў міністраў сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя і будаўніцтва, а таксама правёў частковыя ротацыі ў рэгіянальнай уладзе. Увесь бягучы год ідзе трэцяя — і самая маштабная — хваля кадравых перастановак.
Яе галоўная асаблівасць — сярод прызначэнцаў шмат аднагодкаў Сердара або людзей крыху старэйшых за яго. Падаецца, прэзідэнт імкнецца сфармаваць новае пакаленне эліт — людзей, абавязных сваім становішчам ужо яму, а не бацьку. Акрамя таго, пазбаўляючыся старой каманды, ён атрымлівае больш свабоды ад уплыву Гурбангулы.
Паралельна Сердар умацоўвае свой аўтарытэт і ў свеце. Ён усё ўпэўненыей трымаецца на перамовах з замежнымі лідарамі ў розных фарматах — ці то ШАС, ці кансультацыйныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Азіі, ці кантакты з сусветнымі лідэрамі, уключаючы Дональда Трампа, Сі Цзіньпіна і іншых. Дый за мяжой Сердара ўжо ўспрымаюць як самастойнага палітыка, а не як сына былога прэзідэнта.
Гэта міжнароднае прызнанне ўмацоўвае яго пазіцыі і ўнутры краіны — сярод эліт і грамадства. Калі ў першыя гады пасля прыходу да ўлады яго называлі «Аркадаглы Сердар» («Сердар, падтрыманы Аркадагам», апошняе — афіцыйны тытул бацькі), то цяпер Сердар імкнецца пазбавіцца гэтага вобраза.
Напрыклад, партрэты былога прэзідэнта ў Ашгабаце перанеслі на ўскраіны горада, а ў цэнтральных раёнах сталіцы пераважна размешчаны выявы Сердара. Замежным турыстам забараняюць фатаграфаваць партрэты Гурбангулы і дазваляюць здымаць толькі дзейнага прэзідэнта.
Гурбангулы становіцца ўсё складаней уплываць на рашэнні Сердара. Вядома, бацька надаў сабе тытул Аркадага — апекуна ўсіх туркмен — і самапрызначыўся старшынём Халк Маслахаты, савета, створанага ў 2023 годзе з боязі, што сын перабудауе ўсю сістэму ўлады. Але прэзідэнт ёсць прэзідэнт, а функцыі Халк Маслахаты і яго кіраўніка мала хто разумее нават унутры краіны, не кажучы ўжо пра замежжа.
Менавіта на прэзідэнта як на галоўную фігуру ва ўладзе арыентуюцца і замежныя партнёры, і ўнутраныя эліты. За чатыры гады існавання Халк Маслахаты так і не стаў колькі-небудзь уплывовым органам, а застаўся хутчэй дэкаратыўнай структурай, што дазволіла Гурбангулы фармальна захаваць месца ва ўладзе пасля сыходу з пасады прэзідэнта.
Чарговым пацвярджэннем таму стала нядаўняе пасяджэнне гэтага савета: фармальна на ім старшынстваваў бацька, але галоўным спікерам быў Сердар. Ён жа вызначыў і асноўныя напрамкі працы.
Цень бацькі
Зыходзячы з таго, што Гурбангулы не пакідае спроб захаваць уплыў, яму няпроста змірыцца з тым, што сын усё больш абыходзіцца без яго. Як і за часоў свайго прэзідэнцтва, бацька па-ранейшаму навідавоку: пад тэлекамеры праводзіць павучальныя размовы з чыноўнікамі, моладдзю, спартсменамі, музыкамі і мастакамі, а галоўнае — з сынам-прэзідэнтам. Тыя, у сваю чаргу, дэманструюць яму ўсялякую пашану.
Знешнія партнёры таксама не пакідаюць яго без увагі: калі Гурбангулы едзе на замежнае мерапрыемства замест сына, яго там прымаюць з максімальнымі почасцямі. Але, відаць, яго ўсё ж зачэплівае, што асноўная міжнародная ўвага цяпер дастаецца Сердару.
Асабліва балючым для яго магло стаць тое, што Сердар у межах фармату «Цэнтральная Азія + ЗША» сустрэўся з Дональдам Трампам, тады як сам Гурбангулы з амерыканскім прэзідэнтам асабіста не знаёмы. Праз пару месяцаў пасля гэтага і ён сабраўся ў Амерыку.
Візіт прадставілі як рабочы, але па часе ён супаў з першым Самітам міру — ініцыятывай Трампа, якую той прасоўваў як альтэрнатыву ААН. Туркменістан на саміт не запрасілі, але, відаць, Гурбангулы разлічваў трапіць туды асабіста. Пераканаць амерыканскі бок у неабходнасці сустрэчы Трампа менавіта з былым прэзідэнтам — пры тым, што на саміце былі прадстаўлены дзеючыя кіраўнікі дзяржаў, — не ўдалося.
Статус старшыні Халк Маслахаты, відаць, мала што значыў для асяроддзя Трампа і арганізатараў саміту.
Крыху лепш склаўся паезд Гурбангулы ў Вялікабрытанію. У траўні 2026 года ён наведаў Віндзарскі конны турнір і сустрэўся з каралём Карлам III. Брытанскі бок падкрэсліў значэнне культурных і дыпламатычных сувязяў, а сам Гурбангулы зноў выступіў не проста як былы прэзідэнт, а як «Нацыянальны лідар туркменскага народа» і старшыня Халк Маслахаты.
Пра змест сустрэчы з каралём нічога не вядома, але для Гурбангулы, падаецца, важны быў сам факт таго, што яна адбылася. Зносіны з брытанскім манархам дазволілі яму прадэманстраваць і сыну, і яго абноўленаму атачэнню, што прэзідэнцкі бацька па-ранейшаму ўплывовы і карыстаецца павагай за мяжой, а значыць, яго рана спісваць з рахункаў.
Тым не менш гэтыя намаганні выглядаюць дзіўна, бо Гурбангулы сам абраў перадаць уладу сыну, хоць ні ўзрост, ні здароўе, ні іншыя абставіны не перашкаджалі б яму кіраваць і далей. Інтарэс да палітыкі ў яго, відаць, захоўваецца, але Сердар, атрымаўшы прэзідэнцкую пасаду, усё больш выразна дэманструе кіраўнічую самастойнасць і жаданне пазбаўляцца ад спадчыны бацькі.
Таму іх схаванае супрацьстаянне, хутчэй за ўсё, будзе толькі нарастаць, хоць наўрад ці выльецца ў адкрыты канфлікт. Бо абодвух аб’ядноўвае агульная цікавасць — захаваць уладу, рэсурсы і ўплыў у руках сям’і Бердымухамедавых.
Калі назапашанае паміж бацькам і сынам напружанне выйдзе вонкі, абодва рызыкуюць застацца без улады. Колькі б ні казалі, што туркменскі рэжым пазбавіўся ўсіх нязгодных, ахвочыя скінуць сямейства Бердымухамедавых хутка знойдуцца, калі сістэма дасць трэшчыну. Таму пакуль менавіта дэманстрацыя адзінства — іх галоўны козыр у ўтрыманні ўлады.