Дроны масіравана атаквалі Маскву і Пецярбург
15- 18.10.2026, 8:36
- 15,214
Паражаны Пецярбургскі нафтавы тэрмінал.
У ноч на 18 кастрычніка дроны масіравана атаквалі Маскву, Санкт-Пецярбург і Ленінградскую вобласць. Магчыма, паражаны нафтаналіўны порт, у трох аэрапортах былі ўведзены абмежаванні.
Пра гэта паведамляе маніторынгавы канал Exilenova+ і расійскае выданне ASTRA.
Пецярбург і Ленінградская вобласць
Паводле дадзеных Exilenova+, дроны атаквалі нафтаналіўны порт, пасля чаго там загарэлася цыстэрна. Расійская СПА працуе вельмі інтэнсіўна, фіксуюць запускі ракет.


Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў пра 57 збітых беспілотнікаў. Паводле яго слоў, у пасёлку Нізіна Ламаносаўскага раёна абломкі пашкодзілі чатыры аўтамабілі на паркоўцы, узнік пажар.
Мясцовыя жыхары таксама паведамляюць пра выбухі ў Кудраве.
Пры гэтым пецярбуржцам не прыйшлі SMS-папярэджанні пра пагрозу дронаў, а частка людзей атрымала іх з вялікай затрымкай.
Масква
Мэр Масквы Сяргей Сабянін з 23:00 паведамляе пра збітыя дроны. На 3 гадзіну ночы ён заявіў пра 87 беспілотнікаў. Пра разбурэнні ці пацярпелых Сабянін не паведамляе, але адзначае, што на месцах падзення абломкаў працуюць экстранныя службы. Выбухі чулі і ў Падмаскоўі.
Абмежаванні ў аэрапортах
З-за атакі Расавіяцыя абмежавала прыём і выпуск самалётаў у двух маскоўскіх аэрапортах і ў пецярбургскім Пулкаве.
Абноўлена
Сілы абароны паразілі Пецярбургскі нафтавы тэрмінал дронамі FP-1, паведамілі ў кампаніі-вытворцы Fire Point. Гэта адзін з найбуйнейшых нафтаналіўных комплексаў рэгіёна: тут прымаюць, захоўваюць і адпраўляюць нафтапрадукты, у тым ліку на экспарт. Магутнасць тэрмінала — 12,5 млн тон у год. Пасля трапляння на яго тэрыторыі ўспыхнуў пажар.
Масква трапляе пад масіраваныя атакі дронаў некалькі начэй запар. У ноч на 14 кастрычніка Сілы абароны накіравалі на Маскву сотні дронаў, гэта была адна з найбольш маштабных атак на расійскую сталіцу.
16 кастрычніка з-за атакі каля 50 беспілотнікаў абмежаванні ўвялі адразу ў чатырох аэрапортах маскоўскага авіявузла: «Шарамецьева», «Внукава», «Дамадзедава» і «Жукоўскі». Наступнай ноччу тры з іх зноў спынілі працу, хаця Сабянін тады пра пагрозу дронаў не паведамляў.