The Atlantic: Украіна рыхтуе рэзкае ўзмацненне атак на расійскія аэрапорты
3- 15.10.2026, 19:44
- 5,982
Кампанія па блакіраванні неба ў РФ выходзіць на новы ўзровень.
Украінская аперацыя па паралізацыі працы расійскіх аэрапортаў, якую жыхары Масквы і іншых буйных гарадоў адчулі на сабе ў кастрычніку, у бліжэйшы час выйдзе на новы, значна мацнейшы этап, паведамілі The Atlantic украінскія чыноўнікі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у распрацоўцы плана.
Пакуль Украіна толькі выкарыстоўвала далёкасяжныя дроны, наводняючы імі паветраную прастору паблізу аэрапортаў і змушаючы авіяўлады закрываць узлётна-пасадачныя паласы, але не наносячы прамых удараў па авіяінфраструктуры. Нават такая тактыка прывяла да калапсу ў маскоўскіх аэрапортах: за тыдзень з 3 па 9 кастрычніка 345 рэйсаў былі адменены, амаль 4 тысячы — затрыманыя, часам на 10 і больш гадзін.
10 кастрычніка былі затрыманыя 692 рэйсы, адменены 93; 14 кастрычніка — 238 і 124 адпаведна. У сярэднім штодня аэрапорты сталічнага авіявузла закрываліся прыкладна на 3 гадзіны. У пятніцу, 9 кастрычніка, нават борт Уладзіміра Пуціна не здолеў прызямліцца ў Маскве па дарозе з Туркменістана, калі падчас налёту два з чатырох аэрапортаў былі зачыненыя для любых рэйсаў на працягу сямі гадзін.
Але гэта толькі пачатак аперацыі, якая атрымала назву M&Ms, паведамілі крыніцы The Atlantic. Паводле іх слоў, у больш амбіцыйнай версіі прадугледжваецца выкарыстанне дронаў з кіраваннем на аснове ШІ, якія абыходзілі б сістэмы СПА і білі па аэрапортах наўпрост. Хутка гэтыя дроны, якім не патрэбныя амерыканскія разведдадзеныя, будуць вырабляцца ў масавых маштабах, падкрэслілі суразмоўцы выдання.
Паводле аднаго з іх, першы такі дрон ужо быў выкарыстаны ў баявых дзеяннях на Данбасе, хоць іх распрацоўка яшчэ працягваецца. Супраць расійскіх аэрапортаў такія БПЛА пакуль не выкарыстоўваліся, дадаў суразмоўца.