14 кастрычнiка 2026, Серада, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З’явіліся новыя звесткі пра магчымы замах на прэм’ер-міністра і міністра абароны Польшчы

З’явіліся новыя звесткі пра магчымы замах на прэм’ер-міністра і міністра абароны Польшчы
ДОНАЛЬД ТУСК
ФОТА: BLOOMBERG

Польскія спецслужбы ставяцца да справы надзвычай сур’ёзна.

Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Яцэк Добжыньскі пракаментаваў для СМІ інфармацыю пра магчымы замах на прэм’ер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэм’ера Уладзіслава Косіняка-Камыша, паведамляе Interia.

«Мы кажам пра высокую верагоднасць ажыццяўлення гэтых пагроз. Мы ставімся да справы надзвычай сур’ёзна», — падкрэсліў ён.

«Паведамленне пра патэнцыйны замах на прэм’ер-міністра Дональда Туска, а таксама віцэ-прэм’ера, міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Косіняка-Камыша было праз SOP (Służba Ochrony Państwa) накіравана ў паліцыю. Яно паступіла на паштовую скрыню, падкрэсліваю, сёння», — заявіла прэс-сакратар МУС Польшчы Кароліна Галецкая.

Як дадала Галецкая, у сувязі з гэтым кіраўнік МУС Марцін Кервіньскі і міністр-каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк неадкладна распарадзіліся склікаць нараду. У ёй удзельнічалі службы, падпарадкаваныя МУС, паліцыя, СОП, а таксама супрацоўнікі АВБ.

«Мы ставімся да справы надзвычай сур’ёзна», — падкрэсліў прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Добжыньскі. — «Я ведаю, што на многіх каналах сёння шмат хто з псеўдаэкспертаў з недаверам разважае пра тое, чаму мы пра гэта паведамілі. Таму што справа, падкрэсліваю, надзвычай сур’ёзная», — працягнуў ён, дадаўшы, што «з месяца ў месяц, з года ў год у спецслужбы паступае ўсё больш рознага кшталту пагроз, якія датычаць Польшчы і палякаў».

«На дадзены момант ідзе гаворка пра пагрозы ў адрас найважнейшых асоб у дзяржаве. Пра пагрозы бяспецы і жыццю прэм’ера і віцэ-прэм’ера», — падкрэсліў Добжыньскі. — «Гэта інфармацыя настолькі сур’ёзная і вартая даверу, што мы вырашылі цяпер перадаць яе вам», — дадаў ён.

Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў адзначыў, што «мы кажам пра высокую верагоднасць ажыццяўлення гэтых пагроз». — Таму нашы міністры, міністр Кервіньскі і міністр Семоняк, палічылі, што цяпер неабходна аб’яднаць сілы. У Антытэрарыстычным цэнтры сабраліся супрацоўнікі, якія вызначылі далейшыя дзеянні, што будуць прыняты па гэтай вельмі сур’ёзнай справе. Нарада толькі што скончылася, — дадаў ён.

Добжыньскі запэўніў, што спецслужбы працуюць па гэтай справе, а пра вынікі гэтай працы ён зможа паведаміць у найбліжэйшы час.

Адказваючы на пытанне пра крыніцу інфармацыі пра магчымы замах, прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў растлумачыў, што службы кругласутачна атрымліваюць сігналы з розных каналаў: са СМІ, медыйных крыніц, сацыяльных сетак, а таксама здабываюць іх аператыўным шляхам.

— Агенцтва ўнутранай бяспекі працуе кругласутачна, супрацоўнікі ўвесь час збіраюць і правяраюць гэтую інфармацыю, — падкрэсліў ён, патлумачыўшы, што не можа гаварыць пра падрабязнасці.

Яцэк Добжыньскі адначасова запэўніў, што прэм’ер знаходзіцца пад аховай, а адпаведныя службы клапоцяцца пра яго бяспеку.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲