«Яндэкс» можа застацца без дата-цэнтраў на гады
23- 11.10.2026, 10:25
- 14,372
Наступствы удараў ЗСУ аказаліся больш сур'ёзнымі за санкцыі.
У расійскага ІТ-манапаліста «Яндэкс», верагодна, будуць вялікія праблемы з аднаўленнем сваіх дата-цэнтраў, пашкоджаных падчас вайны. Рамонт зойме не менш за год, і гэта паводле самых аптымістычных прагнозаў. Пра гэта паведаміў расійскі канал «Час дзяржзакупак», перадае Dialog.UA.
Рэсурс сцвярджае, што праблема «Яндэкса» значна больш сур'ёзная, чым санкцыі. Аднаўленню разбураных платформаў перашкодзіць глабальны дэфіцыт памяці на сусветным рынку. РФ проста не зможа набыць неабходнае высокатэхналагічнае абсталяванне: попыт моцна перавышае прапанову.
Напрыклад, адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў паўправадніковай памяці Micron Technology ужо распрадаў амаль усю сваю прадукцыю на 2027 год. Цяпер перамовы з кліентамі ідуць пра пастаўкі на 2028‑ы.
Samsung, які з'яўляецца сусветным лідарам у вытворчасці чыпаў, таксама заняты замовамі ўжо на наступны год. Вытворцы з Кітая задушаныя санкцыямі і не здольныя забяспечыць стабільны паток паставак.
«Нарошчванне ЦАД у Расіі тармозіцца не дэфіцытам рэсурсаў, грошай ці санкцыямі, а наяўнасцю чараг на памяць і чыпы», — канстатаваў рэсурс.
А тым часам Украіна атакавала ўжо трэці буйны дата-цэнтр «Яндэкса». 8 кастрычніка дроны знішчылі пляцоўку ў Сасаве, 9 кастрычніка — у Калуге, мінулай ноччу — ва Уладзіміры.
Найбольш балючая страта для гіганта — Сасава. Там размяшчаліся 2 з 3 суперкамп'ютараў кампаніі, якія навучалі YandexGPT і нейрасеткі. Цяпер у ІТ-манапаліста застаўся адзіны працуючы буйны дата-цэнтр у Мыцішчах (Падмаскоўе). Ён узяў на сябе асноўную нагрузку з іншых аб'ектаў. І, мяркуючы па ўсім, не спраўляецца.
Расіяне масава скардзяцца на праблемы з ключавымі сэрвісамі кампаніі. Cloudflare Data Explorer таксама фіксуе зніжэнне на 49% трафіку ад крамлёўскіх ботаў. На фоне таго, што адбылося, «Яндэкс» зняў з сябе адказнасць перад кліентамі за невыкананне абавязкаў пры атаках дронаў і абстрэлах. Кампанія ў тэрміновым парадку змяніла аферту, уключыўшы ў яе пункт пра «абставіны непераадольнай сілы».