Як піць каву з карысцю для здароўя?
6- 22.01.2026, 9:30
- 7,686
Дыетолагі назвалі ключавыя памылкі, якія варта перагледзець ужо сёння.
Шмат людзей пачынае раніцу з кавы, аднак некаторыя штодзённыя звычкі могуць зводзіць яе карысць на нішто. Спецыялісты называюць дзевяць самых распаўсюджаных памылак, якія негатыўна ўплываюць на здароўе — ад лішку цукру да выбару неякасных зярнят або празмернай колькасці кафеіну.
Пра гэта паведаміла выданне Verywellhealth.
Адна з самых распаўсюджаных памылак — лішак салодкіх вяршкоў і сіропаў. Араматызаваныя дабаўкі могуць дадаваць у адну чашку дзясяткі калорый і грамы цукру. Спецыялісты раяць замяняць іх невялікай колькасцю несалодкага расліннага малака або спецыямі — карыцай, мускатным арэхам або какава.
Не менш праблемным з'яўляецца празмернае спажыванне цукру і штучных падсалоджвальнікаў. Нават некалькі лыжак сіропу могуць ператварыць каву ў салодкі дэсерт. Яшчэ адна памылка — выбар таннай або неарганічнай кавы: зярняты нізкай якасці могуць утрымліваць рэшткі пестыіцыдаў, якія з цягам часу негатыўна ўплываюць на арганізм.
Лекары таксама папярэджваюць ад ужывання кавы ў вялікіх колькасцях або ў няўдалы час. Кафеін можа заставацца ў арганізме да 14 гадзін, правакаваць трывожнасць і праблемы са сном і страваваннем, асабліва калі піць каву пасля абеду або нашча. Асобную ўвагу раяць надаваць гідратацыі: кава не замяняе ваду, нават калі напрамую не выклікае абязводжвання.
Сярод іншых рызык — рэгулярнае спажыванне крамных кавовых напояў з вялікай колькасцю цукру, ігнараванне карысных натуральных дабавак, а таксама выкарыстанне пластыкавых кавамашын або капсул, якія пры награванні могуць выдзяляць шкодныя рэчывы.