Вялікабрытанія гатовая збіваць расійскія самалёты над тэрыторыяй НАТА
2- 22.09.2025, 23:16
- 4,064
Лондан адкажа на правакацыі.
Вялікабрытанія прыгразіла збіваць самалёты РФ, калі яны будуць парушаць паветраную прастору краін-членаў НАТА.
Пра гэта заявіла кіраўніца МЗС Вялікабрытаніі Іветта Купер, паведамляе Sky News.
«Калі нам давядзецца супрацьстаяць самалётам, якія без дазволу лятаюць у паветранай прасторы НАТА, мы гэта зробім», — падкрэсліла яна.
Міністарка назвала дзеянні расіян «небяспечнымі і безразважнымі», здольнымі падарваць тэрытарыяльную цэласнасць суверэнных дзяржаў і еўрапейскую бяспеку. Яна папярэдзіла, што наўмысныя правакацыі Крамля могуць прывесці да прамога ўзброенага сутыкнення паміж НАТА і Расіяй.
«Наш альянс абарончы, але не жывіце ілюзіямі: мы гатовыя прыняць усе неабходныя меры для абароны паветранай прасторы і тэрыторыі НАТА. Мы пільныя. Мы рашучыя», — падкрэсліла Купер.
Яна таксама адзначыла, што РФ узмацняе атакі на Украіну і здзяйсняе «безразважныя» ўварванні ў неба Польшчы, Румыніі і Эстоніі.