Трамп: Пуцін страчвае больш людзей, чым забівае
16- 18.09.2025, 20:14
- 6,526
Расійскія салдаты гінуць часцей, чым украінскія.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін страчвае ў вайне супраць Украіны больш людзей, чым забівае.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.
«Пуцін падвёў мяне. Ён забівае шмат людзей і страчвае больш людзей, чым забівае. Шчыра кажучы, расійскія салдаты гінуць часцей, чым украінскія», — сказаў Трамп.
Ён чарговы раз паўтарыў сваё сцвярджэнне, што вайна ва Украіне ніколі б не пачалася, калі б ён быў прэзідэнтам ЗША.
«У гэтай вайне загінулі мільёны людзей, мільёны душ, і гэта не амерыканскія салдаты. Салдаты гінуць з такой частатой, якой ніхто не бачыў з часоў Другой сусветнай вайны. Я адчуваю, што з гэтай прычыны я павінен урэгуляваць гэтую сітуацыю», — адзначыў кіраўнік Белага дома.
Трамп узгадаў словы, якія ён сказаў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму ў Авальным кабінеце, што канфлікт мог перарасці ў Трэцю сусветную вайну.
«Гэта вайна, якая магла б стаць Трэцяй сусветнай. Але я не думаю, што мы блізкія да гэтага. Гэта ішло да Трэцяй сусветнай вайны, якая ганьба», — дадаў прэзідэнт ЗША.