У Беларусі хочуць увесці змены для тых, хто выязджае за мяжу
32- 14.09.2025, 13:29
- 56,236
І тых, хто вяртаецца назад у краіну.
У Беларусі хочуць увесці змены па перасячэнні мяжы і дактылскапіі. Магчымыя навацыі прапісаныя ў законапраекце, які паступіў на разгляд у «парламент», піша «Зеркало».
У «Палату прадстаўнікоў» занеслі на разгляд законапраект «Аб змяненні законаў». Як паведамляецца, яго падрыхтавалі для «ўдасканалення заканадаўства ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі».
Сярод іншага чыноўнікі хочуць абавязаць кампаніі і ІП, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя пасажырскія перавозкі, перадаваць персанальныя дадзеныя кліентаў у інфармацыйныя сістэмы Мінтранса. Як плануецца, бізнес будзе рабіць гэта бясплатна.
Таксама ўдакладняюцца пералік асоб, якія падлягаюць абавязковай дактылскапічнай рэгістрацыі, звесткі, што фіксуюцца падчас гэтай рэгістрацыі, тэрміны захоўвання і парадак доступу да дактылскапічнай інфармацыі.
Памежнікаў хочуць надзяліць паўнамоцтвамі на правядзенне абавязковай дзяржаўнай дактылскапічнай рэгістрацыі, атрыманне, выкарыстанне і захоўванне дактылскапічнай інфармацыі.
Працэдуру праходжання памежнага кантролю хочуць дапоўніць магчымасцю «ажыццяўлення асабістага дагляду грамадзян і рэчаў, што пры іх, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў».
Як удакладняецца, законапраект прадугледжвае ўнясенне змяненняў у законы «Аб дзяржаўнай дактылскапічнай рэгістрацыі», «Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», «Аб органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» і «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».