Жыццю Мікалая Статкевіча пагражае небяспека
21- 13.09.2025, 19:58
- 49,838
Лідар беларускай апазіцыі застаўся без жыццёва важных лекаў.
Трэція суткі нічога не вядома пра лёс Мікалая Статкевіча. Лідар беларускай апазіцыі адмовіўся пакідаць Беларусь падчас прымусовай дэпартацыі палітвязняў у Літву. На мяжы ён выбіў дзверы аўтобуса, у якім везлі вязняў, і выбег на тэрыторыю Беларусі.
«У аўтобусе засталася яго сумка з лекамі, якія палітыку неабходна прымаць штодня. На працягу пяці гадоў зняволення Мікалай Статкевіч тройчы перахварэў на кавід і перанёс інфаркт. У яго арытмія і сур'ёзныя праблемы з сэрцам.
Ужо трэція суткі пра Мікалая Статкевіча нічога не вядома: з мяжы яго забралі супрацоўнікі сілавых структур. Дадому ён не вярнуўся, ягоная жонка нічога пра яго не ведае», — піша галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна у «Фэйсбуку».
Блізкія Мікалая Статкевіча спадзяюцца, што лёсам палітыка зацікавяцца ўлады ЗША, якія вядуць перамовы з рэжымам Лукашэнкі пра вызваленне палітвязняў.
«Ці будуць яны нешта прадпрымаць, пакуль невядома. Сёння ўсім нам трэба біць у званы, таму што жыццю Мікалая Статкевіча пагражае небяспека», — піша Наталля Радзіна.